Курапаты клічуць да пакаяння

Курапаты — сімвал змагання беларусаў за праўду, за свабоду ад хлусні і гвалту, гэта месца грамадскага пакаяння, а не прымірэння са злачынствам, зазначалі ўдзельнікі грамадскага абмеркавання вынікаў дзяржаўнага конкурсу на «Памятны знак у Курапатах» 5 верасня ў Мінску.

У рэзалюцыі сустрэчы нагадваецца, што менавіта беларуская грамадзянская супольнасць адкрыла і данесла да Беларусі і свету праўду пра гэтае месца масавых расстрэлаў бязвінных ахвяраў, што менавіта грамадскім чынам адбылася і адбываецца мэмарыялізацыя гэтага цяпер ужо сусветна вядомага помніка нацыянальнага і міжнароднага значэння. Таму захады дзеля мемарыялізацыі ад імя дзяржавы на тэрыторыі Курапатаў не могуць адбывацца ва ўмовах закрытасці і валюнтарызму.


Па-першае, устаноўка мемарыяльнага знаку, створанага на аснове няяснай канцэпцыі, не прынятага і не ўхваленага шырокай беларускай грамадскасцю, не толькі не стане сапраўдным сімвалам памяці аб ахвярах савецкага таталітарнага рэжыму і не адыграе пазытыўнай ролі ў наладжванні грамадскага дыялогу, але можа абурыць неабыякавых людзей і абвастрыць сітуацыю вакол Курапатаў.

Па-другое, пакуль дзяржава не назвала імёны ахвяраў рэпрэсій — найперш тых, хто ляжыць у Курапатах, — іх ананімнае ўшанаванне ад імя дзяржавы будзе пустой фармальнасцю і не будзе мець нічога агульнага з пераадоленнем жахлівай спадчыны таталітарызму, гаворыцца ў рэзалюцыі.


Падпісанты рэзалюцыі выказалі павагу да працы ўдзельнікаў дзяржаўнага конкурсу і адзначылі высокі ўзровень некаторых прадстаўленых работ, але заклікалі ўдзельнікаў і ўжо названых пераможцаў, а таксама адпаведныя дзяржаўныя структуры ўстрымацца ад рэалізацыі якіх-небудзь маштабных праектаў у Курапатах.

На думку падпісантаў рэзалюцыі, перш чым ад імя беларускай дзяржавы ўшаноўваць памяць ахвяраў, якія ляжаць у Курапатах, дзяржава мусіць:

• дамагчыся прымальнага для грамадскасці развязання канфліктаў, якія адбываюцца вакол Курапатаў у выніку парушэння іх статусу як гісторычна-культурнай каштоўнасьці і знявагі памяці ахвяраў, спыніць пераслед абаронцаў Курапатаў, што пратэстуюць супраць дзейнасці забаўляльнай установы побач з некропалем;
• агучыць імёны ахвяраў, стварыць умовы ўсім даследнікам для высвятлення абставінаў трагедыі ў Курапатах;
• публічна прызнаць факт ужо здзейсненай грамадскай мемарыялізацыі Курапатаў як некропалю бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму і пры планаванні ўсіх наступных захадаў зыходзіць з гэтага факту;
• вызначыць супольна з грамадскасцю падставовыя прынцыпы далейшай мемарыялізацыі Курапатаў і аналагічных месцаў памяці;
• паспрыяць правядзенню сапраўды адкрытага, справядлівага, усенароднага конкурсу, які б мог прыцягнуць розных майстроў, уключыць працы ўдзельнікаў усіх ужо праведзеных на гэтую тэму конкурсаў і шырока абмеркаваць ягоныя вынікі.

Выкананне гэтых простых і лагічных умоваў азначала б, што беларуская дзяржава сапраўды зацікаўленая ў грамадскім дыялогу і ва ўшанаванні памяці ахвяраў савецкага таталітарнага рэжыму, адзначаецца ў рэзаюцыі.

У грамадскім абмеркаванні, арганізаваным суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў і грамадзянскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў», прынялі ўдзел тыя, каму баляць Курапаты.

Прывяду найбольш цікавыя думкі і прапановы, што прагучалі падчас сустрэчы.

На меркаванне старшыні журы Міжнароднага адкрытага грамадскага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял», мастака і грамадскага дзеяча, актывіста ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Аляксея Марачкіна, усе захады дзеля мемарыялізацыі Курапатаў павінны адбывацца ва ўмовах адкрытасці і шчырага зацікаўленага дыялогу.  

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім заявіла пра поўнае ігнараванне Міністэрствам культуры афіцыйнага запыту дэпутаткі наконт дзяржаўнага конкурсу, што быў дасланы ў міністэрства на пачатку ліпеня. Паводле спадарыні Алены, яна пазнаёміць дэпутатаў з рэзалюцыяй грамадскасці.

Алена Анісім

Алена Анісім

Мовазнаўца, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка аспрэчыў тэзу з канцэпцыі дзяржаўнага конкурсу пра тое, што памятны знак у Курапатах стане сімвалам «прымірэння»: у адрозненне ад Іспаніі, якая перажыла Грамадзянскую вайну 1936-1939 гадоў, дзе былі два ўзброеныя бакі, у Беларусі была іншая сітуацыя. Таму не выпадае і гаварыць пра прымірэнне, бо ахвяры не могуць мірыцца з катамі, падкрэсліў спадар Вінцук. 


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Ягоныя разважанні працягнуў географ, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Аляксей Галіч: паколькі ў Курапатах ад імя дзяржавы адбываліся масавыя расстрэлы бязвінных людзей, дзяржавай было здзейснена крымінальнае злачынства, прызнанае айчыннай пракуратурай. «Так што Курапаты — месца злачынства, а не прымірэння са злачынствам», — падкрэсліў спадар Аляксей.

Мастак, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Генадзь Драздоў выказаў спадзяванне, што вынікам упартых высілкаў беларускіх і замежных творцаў стануць тыя працы па тэматыцы палітычных рэпрэсій, якія найбольш вобразна раскрываюць маштаб трагедыі ў Курапатах і значэнне гэтага месца ў найноўшай гісторыі краіны і Еўропы. «Вельмі важна, каб мастакі знайшлі мужнасць і не пайшлі па шляху, што прапанавала дзяржава, бо яна проста выкарыстае творцаў і правядзе мемарыялізацыю па сваім сцэнары», — падкрэсліў Генадзь Драздоў.

Скульптар Сяргей Гумілеўскі гадамі працуе над курапацкай тэмай і прынёс з сабою здымкі праектаў для ўрочышча — капліцы, Брамы пакутаў і Сцяны памяці. Паводле скульптара, па выніках галасавання на «Онлайнеры», дзе праекты, пададзеныя на дзяржаўны конкурс, былі пазначаныя толькі пад нумарамі, ягоную прапанову падтрымалі 2261 чалавек, а праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, што Міністэрства культуры аб’явіла пераможцам, — 1040 чалавек. Сяргей Гумілеўскі лічыць, што ўсе праекты для Курапатаў мусяць шырока абмяркоўвацца грамадскасцю.
 
Працы Сяргея Гумілеўскага

Працы Сяргея Гумілеўскага

Адзін з аўтараў праекту, названага пераможцам дзяржаўнага конкурсу, скульптар Сяргей Аганаў зазначыў, што ён са сваімі калегамі стаіць на пазіцыі поўнага захавання крыжоў і іншых памятных знакаў, усталяваных грамадскасцю ў народным мемарыяле.

Сяргей Аганаў

Сяргей Аганаў

Рэжысёр Валер Мазынскі перасцярог: «Каб на Беларусі не адбылося так, як у Расіі, дзе на месцы былога лагеру ГУЛАГу ўшанавалі не ахвяраў, а іхных катаў.

Гэты прыклад у каторы раз сведчыць, што пад нашым трагічным мінулым кропка будзе пастаўлена толькі тады, калі сённяшняя беларуская дзяржава, правапераемніца БССР, адкрыта павініцца за злачынствы савецкай дзяржавы супраць свайго ж народу і распачне шчыры грамадскі дыялог».

Дысанансам прагучаў выступ намесніка старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Юрася Меляшкевіча, які заявіў: няважна, якую ідэю будзе ўвасабляць афіцыйны памятны знак у Курапатах, трэба змірыцца з дзейнасцю рэстарацыі «Поедем поедим» каля ўрочышча; аспрэчыў намеры грамадскасці намагацца пашырэння ахоўнай зоны Курапатаў. Паводле яго, у краіне ні адна нерухомая гістарычна-культурная каштоўнасць не мае такой вялікай плошчы ахоўнай зоны, як Курапаты.

На гэта Юрасю Меляшкевічу нагадалі, што щ свой час архітэктары Таццяна Косціч і Вольга Кукуня распрацавалі праект ахоўнай зоны Курапатаў шырынёю 300 метраў, зыходзячы з міжнародных падыходаў да помнікаў такога ўзроўню, а таксама неабходнасці захаваць гістарычны ландшафт вакол Курапатаў з «Дарогай смерці», краявіднымі пунктамі і старадаўнімі дарогамі. Аднак цягам гадоў гэты праект, дарэчы, аднагалосна ўхвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, быў неаднаразова перароблены, у выніку чаго шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку Курапатаў скарацілася да 50 метраў. Апроч таго, страчаная цэласнасць ахоўнай зоны ўрочышча, а з яго ўсходняга боку праектам 2014 году, які дзейнічае да гэтай пары, мяжа ахоўнай зоны дакладна не прывязаная і яе лакалізацыю на мясцовасці можна аспрэчыць, што стварае грунт для новых спекуляцый. Вось чаму праект ахоўнай зоны Курапатаў патрабуе абавязковай дапрацоўкі.    


Па выніках грамадскага абмеркавання старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч у каментары НЧ назваў фармальным афіцыйны конкурс на памятны знак у Курапатах, які даручана ўзвесці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Паводле спадара Генадзя, менавіта ад дзяржавы залежыць вырашэнне канфлікту вакол народнага мемарыялу з-за дзейнасці рэстарацыі «Поедим поедим». Са свайго боку РЭП падтрымлівае пазіцыю і захады грамадскасці для ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах і іншых такіх месцах Беларусі, падкрэсліў Генадзь Фядыніч.

Трэба выказаць падзяку арганізатарам сустрэчы, у першую чаргу яе ініцыятару культуролагу Вацлаву Арэшку, вядоўцам Вінцуку Вячорку і палітолагу Валянціне Свяцкай, мастакам Аляксею Марачкіну, Генадзю Драздову і Ігару Марачкіну, скульптарам Сяргею Гумілеўскаму і Сяргею Аганаву, а таксама ўсім удзельнікам грамадскага абмеркавання.  


 .


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Андрэй зь Віцебска
  • 2018-09-07 10:17:22
Дзякуй тым, каму баліць!..
Бо акупацыйная ўлада чыніць у Курапатах злачынства (дакладней, працягвае гэта рабіць у лепшых традыцыях сваіх папярэднікаў).