Курапаты павінны стаць не толькі помнікам гісторыі, але і прыроды

Гістарычна-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» павінна набыць статус помніка прыроды.

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала «Як вырашыць экалагічныя праблемы Курапатаў?», што 30 траўня адбыўся ў Мінску.  

У сваім дакладзе «Ацэнка стану абъектаў расліннага свету на тэрыторыі ўрочышча Курапаты», падрыхтаваным «Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Ігар Корзун («Гарадскі ляснічы») зазначыў, што пасля навуковага маніторынгу стану прыроднага асяроддзя, які неабходна правесці ў Курапатах адпаведным спецыялістам, у тым ліку батанікам, біёлагам і глебазнаўцам разам з валанцёрамі, трэба дамагчыся мараторыю на любую гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі народнага мемарыялу і ягонага атачэння. Гэтыя і іншыя крокі, у тым ліку прызначэнне спецыяльнага даглядчыка курапацкага лесу, фрамаванне ўзлеску і кулісаў урочышча, а таксама ўвядзенне запаведнага статусу для часткі ягонай тэрыторыі даюць мажлівасць захаваць, у тым ліку, некаторыя найбольш маляўнічыя сухія і паваленыя дрэвы, якія стануць сімваламі трагедыі, што адбылася ў старым хваёвым бары ў 1930- 1940-я гады. Для бяспечнага існавання і захавання Курапатаў ім неабходна надаць статус помніку гісторыі і прыроды, упэўнены Ігар Корзун.  

На думку мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, грамадскім актывістам, якія працуюць у Курапатах, неабходна не толькі строга выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў-эколагаў, але і выпрацаваць пералік дзеянняў, катэгарычна забароненых у запаведным лесе.

Увага прысутных была звернута і на тое, што мэтай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», створанай напрыканцы 2013 году, стала вяртанне Курапатаў у грамадскую свядомасць. Дзякуючы мэтанакірванай і сістэматычнай працы, што ўключала судовыя працэсы ў абарону Курапатаў, даследаванні ў галіне гістарычнай тапаграфіі ляснога ўрочышча, распаўсюд ведаў пра трагедыю ў ім, а таксама захадам па ўшанаванню памяці бязвінна забітых нашых продкаў, дзяржава далучылася да прыборкі курапацкага лесу і працэсу мемарыялізацыі. І сёння пра Курапаты гавораць і пішуць не толькі незалежныя, але і афіцыйныя СМІ, а дзяржава пайшла на правядзенне адмысловага творчага конкурсу па мемарыялізацыі лясного ўрочышча.    

Паколькі даследаванне «Ацэнка антрапагеннага ўздзеяння на стан атмасфернага паветра на тэрыторыі ўрочышча Курапаты» яшчэ працягваецца, вырашана другую частку круглага стала правесці ў жніўні.

Трэба адзначыць, што да ўдзелу ў круглым стале былі запрошаныя эколагі, прадстаўнікі грамадскіх і дзяржаўных структур, у тым ліку міністэрстваў культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясной гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва. Аднак чыноўнікі праігнаравалі гэтую важную для лёсу Курапатаў падзею.

Яе арганізавала грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы шэрагу структураў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку Таварыства беларускай школы, ГА Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій, «Цэнтар «Супольнасць», «Дыярыуш» і «Хрысціянская злучнасьць «Курапаты», Грамадскага электроннага архіву«Вытокі», Беларускай асацыяцыі журналістаў, суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі,
прафсаюзу РЭП, Арт Сядзібы і Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Выказваю шчырую падзяку грамадскаму дзеячу Арцёму Быстрыку з «Цэнтру экалагічных рашэнняў» за вялікі ўнёсак у падрыхтоўку круглага стала. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!