Захад нам дапаможа?

Нашы «сябры» з Расіі патрабуюць паглыбіць інтэграцыю, а Сінявокая ў чарговы раз паказвае ім хвост. Зараз прарасійскія шавіністычныя сайты захлынуцца слінай. Падстава для гэтага — чарговы дыпламатычны прарыў. ЗША і Беларусь прынялі рашэнне пра аднаўленне дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.


Беларусь наведаў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл. Гэта зноў «першы візіт чыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь за 25 гадоў». І другі — на працягу месяца. Нагадаем, што ўсяго тры тыдні таму з Лукашэнкам размаўляў дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан.

А зараз менавіта Дэвід Хэйл сказаў: «Я хацеў бы перадаць прывітанне ад дзяржсакратара, які папрасіў мяне прыехаць, каб прысутнічаць на важным гістарычным моманце нашых двухбаковых адносін. Пасля нашай сустрэчы мы зробім абвестку, што будзем абменьвацца пасламі па заканчэнні такой колькасці гадоў без паслоў».

«Мы згодныя з вамі, што тое становішча рэчаў ненатуральнае, ненармальнае. І мы рады, што гэта заканчваецца. Мы закрываем гэтую сітуацыю з прычыны тых крокаў, якія ваша краіна і вы асабіста зрабілі. Таксама адзначаем тое бачанне, якое вы прынялі на ўзбраенне, — большай разнастайнасці як ва ўнутраных справах, так і ў адносінах з навакольным светам. Мы вельмі моцна падтрымліваем гэта бачанне і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам на гэтым шляху», — дадаў намеснік дзяржсакратара ЗША.

Нагадаем, што паслоў ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША не было ад 2008 года, пасля ўвядзення ЗША санкцый у дачыненні да канцэрна «Белнафтахім». Тады пасол Беларусі Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула Карэн Сцюарт. Колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску была скарочаная з 35 да 5 супрацоўнікаў. А дыпламатычныя місіі працавалі на ўзроўні часовых павераных.

Візіт Болтана эксперты звязвалі, у тым ліку, з планамі Беларусі па дыверсіфікацыі паставак расійскай нафты. Маўляў, ЗША актыўна пачынае прадаваць гэтую сыравіну — у тым ліку, танкерамі ў парты Балтыі. І Беларусь можа гэтым скарыстацца, тым больш, што ў нас ёсць досвед такіх закупак аж з Венесуэлы. Таму ўзнікла думка, што амерыканская нафта можа часткова замясціць расійскую. Што не выклікала, канешне, захаплення з расійскага боку.

Цяпер, калі ў Сінявокай з’явіцца паўнавартасны пасол ЗША, адносіны паміж краінамі могуць выйсці на больш высокі ўзровень. Усё ж пасол — гэта асоба, якая мае непасрэдныя стасункі з вышэйшым беларускім кіраўніцтвам. І таму зноў здарыцца вэрхал у расійскіх «патрыётаў» пра «разварот Беларусі на Захад», хаця да такога развароту яшчэ далёка.

Пакуль Аляксандр Рыгоравіч знаёміўся з Хэйлам, яго бліжэйшы сябра і кіраўнік справамі Віктар Шэйман зноў адправіўся ў Зімбабвэ. 16 верасня ён правёў перамовы з кіраўніком Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагва, дзе бакі абмеркавалі сумесныя праекты. Што цікава, пра гэта паведаміў таксама не Шэйман і не беларускі бок, а лідар зімбабвійскага народа.

Паводле яго, на сустрэчы быў абмеркаваны прагрэс у здзелках, што былі заключаныя ў студзені гэтага года ў Беларусі. Гэта, напрыклад, стварэнне сумеснай зімбабвійска-беларускай транспартнай кампаніі, на першапачатковым этапе ў якой будзе працаваць ад 20 да 100 машын. Прычым, кампанія будзе займацца перавозкамі па ўсім поўдні Афрыкі. Гэта стварэнне буйнога лагістычнага цэнтра, на якіх беларусы ўжо, падаецца, сабаку з’елі. Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — энергетыка. Беларусь мае намер стварыць у Зімбабвэ кампанію, якая пабудуе электрастанцыю на сонечнай энергіі магутнасцю ў 100 МВт.

І ўжо рыхтуецца пастаўка ў Зімбабвэ 500 аўтобусаў.

Калі ўсе планы здзейсняцца, МАЗ будзе загружаны «пад завязку», і гэта добра. Але варта памятаць, што Зімбабвэ з’яўляецца адной з найбяднейшых краінаў свету. Праўда, і патэнцыйна найбагацейшай, бо, напрыклад, па радовішчах металаў плацінавай групы краіна займае трэцяе месца ў свеце. Такім чынам, нашае супрацоўніцтва — гэта, як кажуць у свеце бізнесу, рызыкоўнае, але, мажліва высокадаходнае прадпрыемства. Тут, па-мойму, рызыкнуць варта.

Выклікае пытанне толькі апошні праект — сонечная электрастанцыя. Калі мы такія прасунутыя ў галіне экалагічнай энергетыкі, навошта нам было будаваць АЭС?

Што да Беларусі, то ў нас незаўважна ідзе выбарчая кампанія. Як заўсёды, яна спараджае кур’ёзы і анекдоты. Напрыклад, вылучэнцу ў кандыдаты ў дэпутаты, актывісту БСДП «Народная Грамада» Валянціну Троцкаму, які збірае подпісы па Старавіленскай выбарчай акрузе №105 у Мінску, ужо вынеслі папярэджанне за парушэнне выбарчага заканадаўства.

Прычынай папярэджання сталі надпісы на стэндзе, якія выкарыстоўваліся на пікетах Троцкага па зборы подпісаў: «Лукашенко должен уйти» і «Моя позиция» з некалькіх пунктаў. Чальцы камісіі вырашылі, што такі фармат парушае як выбарчае заканадаўства, так і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Валянцін Троцкі лічыць, што выбаршчык, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдата, мусіць ведаць яго пазіцыю па важных для грамадства пытаннях. Але нашая кампанія блізкая да «стэрыльнасці» — ёсць пастанова ЦВК, згодна з якой на стэндах могуць размяшчацца толькі біяграфічныя дадзеныя кандыдатаў. Усё астатняе лічыцца агітацыяй, хаця ў дадзеным выпадку Троцкі — яшчэ нават не кандыдат у дэпутаты, і агітаваць у гэтых умовах проста не мае сэнсу.

Альтэрнатыўнае меркаванне, у той жа час, — важная падстава прагрэсу. Напрыклад, у Міністэрстве аховы здароўя пачалі пераглядаць закон «Аб ахове здароўя». Справа закране аборты. Мінздароўя разлічвае на захаванне 3–4 тысяч жыццяў дзякуючы сямейнаму перадабортнаму кансультаванню. Па выніках 2018 года прыблізна 14% жанчын, якія прыйшлі рабіць аборт, перадумалі і вырашылі захаваць жыццё дзіцяці.

У законе таксама замацаваная норма, якая дазваляе ўрачу-спецыялісту адмовіцца ад правядзення штучнага перапынення цяжарнасці, шляхам пісьмовага паведамлення аб гэтым кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, калі адмова непасрэдна не пагражае жыццю або здароўю жанчыны.

Між іншым, менавіта за гэта ў межах кампаніі «Моцная сям’я — моцная Беларусь» ужо доўгі час змагаецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!