Квасьнеўскі: з прыватных гутарак я зразумеў, што ў Лукашэнкі раздваенне асобы

Экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі лічыць, што Еўропа павінна падтрымаць і суверэнітэт Беларусі, і памкненне беларусаў да дэмакратыі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.
На думку польскага палітыка, на папярэдніх выбарах Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на фальсіфікацыі, перамагаў, а на сёлетніх прайграў — адсюль і такая рэзкая рэзкая рэакцыя ў людзей.

«Другая акалічнасць — вельмі важная роля маладога пакалення. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе 26 гадоў. А гэта азначае, што маладыя выбаршчыкі нарадзіліся ў часы кіравання Лукашэнкі, яны жывуць у часы кіравання Лукашэнкі і катэгарычна не згодныя памерці пры прэзідэнце Лукашэнку», — канстатуе Квасьнеўскі.

Трэцім фактарам ён называе тое, што пасля няшпаркага, але пастаяннага росту эканомікі сітуацыя ў мінулым годзе ўскладнілася. Да гэтага дадалося тое, што многія беларусы за апошнія гады наведвалі Польшчу, Літву, Заходнюю Еўропу і бачылі, што можна жыць і не ў аўтарытарнай краіне.

«Я здзіўлены толькі маштабамі гэтага працэсу. Я чакаў пратэстаў меншых маштабаў», — дадае польскі палітык.

На яго думку, Лукашэнка апошнімі днямі страціў паўнату ўлады. Як прыклад ён згадвае вядомае відэа беларускага кіраўніка з аўтаматам, а побач з ім ідзе яго 15-гадовы сын. «Гэта паказвае, што ён не такі моцны, як мы лічылі, ці, у першую чаргу, як ён сам лічыў», — мяркуе польскі палітык.

На яго думку, далейшае развіццё сітуацыі пакуль спрагназаваць немагчыма. Пры гэтым Кваснеўскі мяркуе неабходным зважаць на пазіцыю Расіі, якая не захоча выпусціць Беларусь са сваёй зоны ўплыву. Заяву Пуціна пра сілавы рэзерв для Беларусі ён разглядае менавіта як перасцярогу для Захаду.

Квасьнеўскі лічыць, што Пуцін пагадзіўся б памяняць Лукашэнку на іншага прарасійскага палітыка: «Я думаю, што для Пуціна заканчэнне эпохі Лукашэнкі было б прымальным, калі б знайшоўся хтосьці, хто замяніў Лукашэнку. І гэты хтосьці быў бы даволі прарасійскім, каму Пуцін бы давяраў».

Па словах польскага палітыка, пра будучыню Беларусі неабходна весці перамовы з Пуціным, нават калі Лукашэнка пачне адказваць на тэлефанаванні Ангелы Меркель і іншых еўрапейскіх палітыкаў. Але да гэтых перамоваў ён лічыць неабходным далучыць і АБСЕ

Журналіст Бі-Бі-Сі згадаў нядаўнія словы кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэфа Барэля, што ЕС не мае намеру ператвараць Беларусь у другую Украіну.

На гэта Квасьнеўскі адказаў: «Калі альтэрнатывай будзе суверэнная Беларусь з Лукашэнкам або адсутнасць суверэнітэту Беларусі ў сувязі з канцом Лукашэнкі, наш выбар павінен быць ясным — суверэнная Беларусь. Але галоўнае пытанне — жаданне і воля беларускага народа. На працягу доўгага часу беларускі народ не быў занадта актыўны на арэне барацьбы за дэмакратыю, але ўсё, што мы бачылі ў мінулым месяцы, у апошнія тыдні, паказвае, што беларусы хочуць аднаго — яны хочуць сумленных і свабодных выбараў. І Еўропа павінна цалкам падтрымаць гэтую ідэю, таму што гэта адна з галоўных, фундаментальных каштоўнасцяў еўрапейскай супольнасці».

На яго думку, Еўропа павінна падтрымліваць і суверэнітэт Беларусі, і жаданне беларусаў мець больш дэмакратыі — у прыватнасці, сумленныя і свабодныя выбары.

Пра самога Лукашэнку былы польскі прэзідэнт кажа як пра супярэчлівую асобу.

«У нас былі прыватныя гутаркі, і я зразумеў, што ў Лукашэнкі раздваенне асобы. З аднаго боку, ён мача, ён любіць ім быць. Вядома, гэта з-за яго тэмпераменту, яго мінулага, яго адукацыі, а дакладней, шчыра кажучы, адсутнасці адукацыі. Часам ён адчуваў, што можа зрабіць усё, што хоча, ніякіх абмежаванняў, ніякіх межаў. Ён моцны, ён самы лепшы, і гэтак далей. І яго асоба мача была незвычайна моцна выказана.

Але я бачыў і іншага Лукашэнку. Калі мы з ім праводзілі неафіцыйныя перамовы з воку на вока, вельмі часта ён быў незвычайна прагматычным чалавекам, які цвяроза ацэньваў сітуацыю, разумеў мяжы, разумеў, што неабходна зрабіць, ён быў гатовы ісці на кампраміс», — згадвае Квасьнеўскі.

Пры гэтым ён згадвае, што Лукашэнка негатыўна паставіўся да таго, што Віктар Януковіч уцёк з Украіны ў 2014 годзе. На думку беларускага кіраўніка, ён павінен быў застацца і да канца змагацца.

Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: