Лапці — гэта вобраз мыслення: словы Лукашэнкі запусцілі новы флэшмоб у сацсетках

Увечары 16-га студзеня Лукашэнка правёў прыём у гонар старога Новага года. На вечарыне ён шмат казаў, што ў 2020-м годзе ў Беларусі была развязана вайна «супраць моцнай дзяржавы», што сам ён «ніколі не адступіць», і што госці гэтага вечара «паказалі, што значыць быць сапраўдным патрыётам». А яшчэ — што трэба глядзець тэлевізар!


— Тэлевізар — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення, — пераконваў публіку Лукашэнка. — Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэты айфон, тэлефон і гэтак далей, розных марак. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы націснулі кнопку — глядзіце на экран. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там працуе тэлевізар. Гэта трэба зберагчы, — пераказвае словы Лукашэнкі Еўрарадыё.

На гэты спіч тут жа адрэагавалі сацсеткі:

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Лапці — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі хадзіць у гэтых ботах, і туфлях, розных марак. Але як толькі вы выходзіце ў горад, вы адразу апранаеце лапці. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там стаяць лапці. Гэта трэба зберагчы, — пішуць у чаце «Ідэйнага падкасту».

— Не адмаўляйцеся ад Лукашэнкі. Лукашэнка — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у Ціханоўскую, Латушку і гэтак далей, розных гэтых змагароў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы націснулі кнопку, глядзіце на Лукашэнку. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там працуе ён. Гэта трэба зберагчы, — спаборнічаюць у вострым слове карыстальнікі ТГ-канала.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Жэстачайшая трасянка — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэтыя падручнікі Рускай фанетыкі, мову і гэтак далей, розных народаў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вас абслужылі трасянкай, слухаеце яе. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там ёсць трасянка. Гэта трэба зберагчы, — падхоплівае яшчэ удзельнік чата.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Жыццё ў акіяне — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія адгадавалі канечнасці і выпаўзлі на сушу, пляжы і гэтак далей, розных кантынентаў. Але як толькі вы заплылі на дно, вы карыстаецеся плаўнікамі, жабрамі. Кудысьці заплылі ў госці — абавязкова там ёсць амфібіі. Гэта трэба зберагчы.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Мука на тры дні — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэтыя хлябы, булкі і гэтак далей, розных пякарняў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы разгарнулі муку на тры дні, глядзіце на яе. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там ёсць мука на тры дні. Гэта трэба зберагчы, — не супакойваюцца карыстальнікі.

Гэта ўжо не першы флэшмоб са слоў Лукашэнкі. Аднойчы ён агаварыўся, што трэба «распранацца і працаваць», і беларусы пачалі аголенымі фатаграфавацца на працоўных месцах. А увесну гэтага года грамадзяне краіны самі сабе пісалі некралогі так, як пра іх бы сказаў Лукашэнка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: