Латушка: На базе 120-й брыгады плануецца стварэнне «эскадрону смерці»

У Беларусі на базе 120-й асобнай механізаванай брыгады плануецца стварэнне эскадрону смерці для фізічнага знішчэння палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі, заявіў чалец прэзідыума Каардынацыйнага савета Павел Латушка ў звароце да беларускіх вайскоўцаў.

Ілюстрацыйнае фота


«Мы атрымалі інфармацыю, што генерал Муравейка плануе стварэнне эскадрону смерці на базе 120-й асобнай механізаванай брыгады — для фізічнага знішчэння палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі. А ўсю 120-ю брыгаду плануюць актыўна задзейнічаць увесну ў падаўленні мірных пратэстаў у Мінску. Хочацца нагадаць: прымяненне Узброеных Сіл унутры краіны ва ўмовах адсутнасці афіцыйна абвешчанага ваеннага становішча — гэта ваеннае злачынства без тэрміну даўнасці», — цытуе Латушку АФН.

«Вельмі шмат пытанняў узнікае ў спецыялістаў да дзеянняў камандуючага сіламі спецыяльных аперацый генерала Дзенісенкі. Падначаленыя яму падраздзяленні ўжываліся без пісьмовых загадаў і ў парушэнне вялікай колькасці заканадаўчых актаў, якія не дазваляюць рабіць падобныя дзеянні ў адсутнасць афіцыйна абвешчанага ваеннага становішча. А падстаў для ўвядзення такога рэжыму няма», — працягнуў экс-чыноўнік.

«Ужо вядома, як на самай справе ў Брэсце афіцэр асобага атрада 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння застрэліў Генадзя Шутава. Цяпер спрабуюць высмактаць з пальца крымінальную справу супраць яго таварыша і сведкі трагедыі. Мне цікава: следчыя, работнікі пракуратуры і суддзя наогул разумеюць, што яны робяць?» — задаецца пытаннем Латушка.

«Я не заклікаю нікога да здрады прысязе і канстытуцыйнаму ладу. Наадварот. Я заклікаю кожнага з вас здзейсніць маленькі грамадзянскі подзвіг і пачаць усё рабіць паводле закона. І вельмі хутка мы з вамі будзем жыць у краіне, пра якую марылі. І беларускі народ зноў будзе любіць сваіх абаронцаў і ганарыцца імі», — звяртаецца ён да вайскоўцаў.

«Ужо зроблена вельмі шмат зла. А нам жа потым усім разам жыць у гэтай краіне — без Лукашэнкі. Вы што, так і будзеце да канца жыцця хавацца пад балаклавамі?» — рэзюмуе Латушка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: