Леанід Маракоў — чалавек, які не даў беларусам забыць пра свае ахвяры

8 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя кніжкі «Леанід Маракоў. Чалавек, які не даў беларусам забыць пра свае ахвяры» з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», заснаванай прафесарам Анатолем Тарасам у 2012 годзе.

Сваё ілюстраванае выданне журналістка Настасся Зелянкова прысвяціла памяці выбітнага беларуса Леаніда Маракова (15.04.1958, Мінск — 17.12.2016) — гісторыка-энцыклапедыста і краязнаўцы, пісьменніка і журналіста, які здзейсніў грамадзянскі подзвіг — аднавіў лёсы 25 тысяч прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі - ахвяраў сталінізму. Сярод іх — літаратары, навукоўцы, святары, настаўнікі і медыкі.

У прадмове да выдання аўтар падкрэслівае, што сёння, калі сталінізм падымае галаву, даследаванні Леаніда Мараков патрэбныя, які ніколі раней.

“Часам нават з вуснаў некаторых адукаваных людзей можна пачуць, што Сталін быў “эфектыўным менеджарам”. Сапраўды, забіць 90 адсоткаў беларускай інтэлігенцыі — гэта вельмі “эфектыўны” ход. Пазбавіць літаратуру нацыянальных пісьменнікаў, загнаць усіх святароў у лагеры, закатаваць настаўнікаў, фактычна знішчыць медыцыну — посьпех сапраўднага менеджэра, які дбае пра краіну!

Каб ацаніць увесь маштаб сталінскіх рэпрэсій на Беларусі, дастаткова проста ўзяць у рукі цяжкія тамы энцыклапедычных даведнікаў Маракова і ўзважыць. Але ж за кожным невялікім артыкулам у гэтых кнігах — яшчэ і лёс чалавека. 25 тысяч нашых суайчыннікаў — бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Гэта наш цяжар, пазбавіцца ад якога мы ўжо не зможам ніколі”, — зазначае Настасся Зелянкова.  

У сваёй кніжцы яна адлюстравала, як паспяховы бізнэсовец стаў даследчыкам сталінскіх рэпрэсій, што ён адкрыў беларусам, краязнаўчыя знаходкі героя выдання.  

Спдарыня Настасся, між іншым, звярнула ўвагу на тое, якія дзіўныя факты адкрыў суайчыннікам выбітны даследчык. Так, Леанід Маракоў паказаў, як ў гады “вялікіх дасягненняў” сацыялізму ў краіне была фактычна знішчана сістэма мэдычнага абслугоўвання насельніцтва. У энцыклапедычным даведніку “Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі” Леанід Маракоў канстатаваў: “Па  сутнасці, гэта было вынішчэнне хворых шляхам неаказання ім дапамогі. З маўклівай згоды Масквы адбывалася поўнае запусценне сістэмы медабслугоўвання насельніцтва БССР”. Дайшло да таго, што на большасць раённых бальніц БССР прыходзіўся адзін урач на тысячы чалавек! А ў некаторых бальніцах — зусім ніводнага. Кожны трэці-чацверты ўчасткак быў без доктара. Ды што без урача — без фельчара і акушэркі!  

Даследчык заўжды быў завостраны на тэму. Паколькі мы былі добра знаёмыя і часьцяком сустракаліся, аднойчы распавёў спадару Леаніду пра лёс свайго дзядзькі Ізраіля Мадорскага, якога ў 15-гадовым узросце рэпрэсавалі і закратавалі ў ГУЛАГ. Спадар Леанід вельмі ўважліва выслухаў мой расповяд і тут жа прапанаваў, каб я тэрмінова склаў і скінуў яму біяграфічны артыкул на дзядзьку. Прычым, пытанні, якія тычыліся лёсу майго сваяк, што ставіў перад мною даследчык, сведчылі пра ягоны высокі прафесіяналізм і адпрацаваны алгарытм дзеянняў.

У каментары НЧ  Анатоль Тарас зазначыў, што кніжка пра Леаніда Маракова ўбачыла свет разам з выданнямі пра Васіля Быкава, Уладзімера Конана, Адама Станкевіча і Анатоля Сыса. На сённяшні дзень у серыі выдадзена 70 кніжак кішэннага фармату. Сярод  іх прысвячэнні 14 постацям айчыннай гісторыі — ахвярам сталінізму, у тым ліку Францішку Аляхновічу, Уладзіславу Галубку, Ларысе Геніюш, Сяргею Грахоўскаму і Вацлаву Ластоўскаму. Бліжэйшым часам серыя папоўніцца выданнямі пра Наталлю Арсенневу, Максіма Багдановіча,  Рыгора Барадуліна, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Янку Станкевіча.

Спадар Анатоль узгадаў словы Ленаіда Маракова пра тое, што “насамрэч галоўны змест гісторыі Беларусі з 1929 да 1941 году — зусім не тыя падзеі, што вывучаюць у школах і ВНУ. Гэты змест — бязлітасная і неверагодна жорсткая вайна камуністаў супраць народа. Пачалося з так званай калектывізацыі і хутка пераўтварылася ў масавыя арышты, высылкі, забойствы”.

Па афіцыйных звестках у нашай краіне з 1921 да 1953 гады ахвярамі тэрору сталі не менш за 680 тысяч чалавек, прычым большасць з іх пацярпела ў 1937—1939 гады. “Аднак тэмы калектывізацыі і тэрору вывучаюць у Беларусі толькі на грамадскіх пачатках. І адным з найбуйнейшых даследчыкаў такога кшталту як раз і быў Леанід Маракоў”, — падкрэсліў Анатоль Тарас.

 

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: