Леанід Зайдэс патрабуе 8000 рублёў ад «Новага Часу» і Дзяніса Івашына

Бізнесовец Леанід Зайдэс падаў чарговы судовы іск супраць газеты «Новы Час» і Дзяніса Івашына. Раней безвынікова гэта зрабіў Аркадзь Ізраілевіч. Справа ізноў тычыцца расследаванняў Івашына наконт будоўлі рэстарацыі «Поедем, поедим» побач з Нацыянальным некропалем у Курапатах.


Фота: Reuters

Фота: Reuters

Спадар Зайдэс лічыць, што яго абразіла інфармацыя, змешчаная на сайце « Новага Часу» 13 чэрвеня 2018 года, дзе казалася: «Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd»

Акрамя таго, 19 ліпеня 2018 года на сайце НЧ быў апублікаваны «відэарэпартаж журналіста Івашына Дзяніса, у каментарах да якога газета «Новы Час» апублікавала наступныя не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі пра Зайдэса: «Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…»

У выніку спадар Зайдэс патрабуе кампенсацыі шкоды дзелавой рэпутацыі — 5000 рублёў ад «Новага Часу», і 3000 рублёў ад Дзяніса Івашына.


Што тычыцца матэрыялу ад 19 ліпеня, то гэта рабіў не «Новы Час». Крыніцы інфармацыі там пазначаныя: «Белсат», Радыё Свабода, Радыё Рацыя. Акрамя таго, мы, не ведаем, якім чынам мажлівая датычнасць спадара Зайдэса да фірм Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd шкодзіць яго дзелавой рэпутацыі. А пытанне законнасці будаўніцтва рэстарацыі «Поедем поедим» і задаваў Івашын у сваіх артыкулах.

Але... Што не можа нас не цешыць? Тое, што спадар Зайдэс у сваім іску апелюе ў тым ліку да Канвенцыі «Аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў». Гэта значыць, што дзейнасць НЧ па прапагандзе і пашырэнні інфармацыі пра правы чалавека, Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, пра базавыя дэмакратычныя каштоўнасці — усё ж мае плён.

Заставайцеся з намі!  Калі ўжо ў ісках да нас апелююць да фундаментальных прававых актаў, датычных правоў чалавека і яго грамадзянскіх свабод — дэмакратыя блізка?




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!