Леанід Зайдэс заўтра зробіць заяву наконт рэстарацыі «Поедем поедим»

Адміністрацыя рэстарацыі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім паведамляецца, што 20 ліпеня а 12:00 Леанід Зайдэс зробіць заяву датычную сваёй рэстарацыі.
«На тэрыторыі сямейнага рэстарана «Поедем поедим» заснавальнік установы Леанід Зайдэс зробіць афіцыйную заяву для прэсы. У ёй будзе агучаная пазіцыя ўладальнікаў рэстарцыі з нагоды апошніх падзеяў вакол «Поедем поедим». Таксама будуць прапанаваныя кампрамісныя варыянты ўрэгулявання сітуацыі», – напісана ў прэс-рэлізе.

Журналістам абяцаюць паказаць тэрыторыю і памяшканні рэстарану. Таксама адзначаецца, што на час сустрэчы з журналістамі ўваход на тэрыторыю рэстарацыі будзе абмежаваны, каб пазбегнуць правакацыяў.

Нагадаем, што раней абаронца Курапатаў Павал Севярынец выставіў Леаніду Зайдэсу ўльтыматум.

«У вас ёсць тры дні на тое, каб прыняць рашэнне выводзіць гэты рэстаран з Курапатаў. Мы як абаронцы мемарыялу гатовыя яго вам бясплатна дапамагчы дэмантаваць і перанесці. Гэта апошняя прапанова, яна дзее тры дні. Мы вам не пагражаем, я вас проста папярэджваю…», – сказаў Севярынец у тэлефоннай размове з Зайдэсам.

Сёння абаронцы Курапатаў пачалі абвешчаны раней байкот бізнесаў, да якіх маюць дачыненні ўладальнікаў «Поедем поедим». Трое актывістаў (сярод іх Вольга Мікалайчык і Леанід Кулакоў) распачалі акцыю байкатавання каля рэстарацыі «Гранд Кушавэль». Акцыя працягнулася літаральна некалькі хвілінаў. Актывістаў затрымаў АМАП.

Паводле belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць