Легчы пад бульдозер усім дваром — тады чыноўнікі з вамі пагавораць

Двор добраўпарадкуюць: сквер высякаецца, на яго месцы робяцца паркоўкі, ставяцца кантэйнеры для смецця. "Без нашай згоды нас гвалтоўна спрабуюць зрабіць шчаслівымі. Дзякуй, але не трэба", — абураюцца жыхары, распавядае пра канфлікт «Еўрарадыё».

З жыхарамі дома №15, што на вуліцы Кульман, сустракаюся ля ЖКГ Савецкага раёна. Адміністрацыя гаспадаркі запрасіла іх абмеркаваць сітуацыю, выкліканую "добраўпарадкаваннем" двара: зялёны сквер высякаецца, на яго месцы робяцца паркоўкі і разваротныя пляцоўкі для спецтэхнікі, ставяцца кантэйнеры для асобнага збору смецця. Аазіс у цэнтры горада, пасаджаны рукамі жыхароў сорак гадоў таму, ператвараецца ў каменнае гета з тратуарнай пліткай. Людзі літаральна кладуцца пад бульдозеры, дзяжураць у двары, не даючы рабочым вырубаць дрэвы.


Было вырашана ўлічыць пажаданні жыхароў. А месяц таму пачалі высякаць дрэвы

Пра тое, што двару пагражае “мадэрнізацыя”, жыхары даведаліся ў кастрычніку 2017 года. Галоўныя па пад'ездзе былі запрошаныя ў адміністрацыю Савецкага раёна, паглядзелі праект і катэгарычна з ім не пагадзіліся. Маўляў, з вонкавага боку дома пракладзеная дарога для праезду смеццявоза, там жа стаяць кантэйнеры. Нас усё задавальняе — не трэба ніякіх новаўвядзенняў. У выніку было вырашана ўлічыць пажаданні жыхароў.

Аднак месяц таму ў двары загудзелі бензапілы, пачалі валіцца дрэвы. Двор дома, у якім 15 пад'ездаў, ператварыўся ў руіны — жыхары пачалі пратэставаць. Лісты ва ўсе магчымыя інстанцыі, званкі чыноўнікам, збор подпісаў, дзяжурствы, пікеты.

"Без нашай згоды нас гвалтоўна спрабуюць зрабіць шчаслівымі. Дзякуй, але не трэба", — абураюцца жыхары і патрабуюць чыноўнікаў спыніць працы і па магчымасці "вярнуць усё на месца".


“Тое, што мы гэта абмяркоўваем цяпер — дэмакратыя і радзі бога. Але ёсць нормы”

У прыёмнай ЖКГ Савецкага раёна Мінска дзевяць жыхароў дома, дэпутатка па Машэраўскай акрузе Аксана Бісько, якая праніклася непахіснасцю людзей, і тры прадстаўнікі з боку “камунальнікаў”, сярод якіх галоўны інжынер Максім Філатаў, які цяпер выконвае абавязкі начальніка гаспадаркі. Сёння тут спрабуюць знайсці кампраміс. То бок, каб беларусаў нарэшце пачалі слухаць, трэба, каб яны бунтавалі і клаліся пад тракі.

Жыхары настроеныя ваяўніча да адміністрацыі раёна, а часам і адзін да аднаго. Размова перыядычна ператвараецца ў суцэльны хаос:

— Вы зрабілі разваротнае кола, выразаўшы трынаццаць дрэваў. Зрабілі сем парковачных месцаў, знішчыўшы столькі ж! — кажа Інэса Барысевіч. Яна заікаецца і вельмі хвалюецца. У гэтым двары яна вырасла. Двор — яе малая радзіма, месца сілы.

— Падпішацца пяцьсот чалавек, — далучаецца да размовы жыхарка дзясятага пад'езда. — Я збяру вам пяцьсот подпісаў. Паркоўка не патрэбная ні нам, ні жыхарам бліжэйшых дамоў. Яны сюды прыходзяць як у парк, падыхаць свежым паветрам.

— Парк ёсць і з боку Веры Харужай, — спрачаецца прадстаўніца адміністрацыі.

— Два дрэвы — гэта парк па-вашаму? — не могуць утаймавацца жыхары.

Са 188 дрэваў у двары дома №15 па вуліцы Кульман засталося 160. І тое, пакуль. Па праекце мусілі высекчы яшчэ два дрэвы, але жыхары не далі.

Адміністрацыя спрабуе ісці іншым шляхам:

— Гэта адзіны дом у Савецкім раёне, у якім добраўпарадкоўваюць двор за бюджэтныя грошы.

Але жыхарам да ліхтара такая раскоша. Маўляў, мы вас ні пра што не прасілі. А галоўнае, што абражае — тое, што з імі ніхто не параіўся. Але чыноўнікі настойваюць: рэканструкцыя двара праводзіцца згодна з нормамі — гэта пацвердзіла нават пракуратура! А нормы выконваюцца, а не абмяркоўваюцца.

— Устаноўка кантэйнераў і наяўнасць машынамесцаў — гэта нормы. Тое, што мы гэта абмяркоўваем цяпер — дэмакратыя і радзі бога. Але ёсць нормы. Яны распрацоўваюцца, каб іх выконвалі. А абмяркоўваць мы будзем напаўненне двара. Напрыклад, дзіцячыя пляцоўкі, — тлумачыць Максім Філатаў.

— Не пагаршайце, калі ласка, нашае жыццё.

— Ніхто не пагаршае. Вы да гэтага няправільна ставіцеся.

План рэканструкцыі і прыклады арэляў на дзіцячыя пляцоўкі


Як ЖКГ Савецкага раёна прывучае беларусаў да асобнага збору смецця

— 13 пад'езд катэгарычна выступае супраць сметніцы ў двары, — ідуць у чарговую атаку на чыноўнікаў з ЖКГ жыхары дома. — Вы даяце гарантыю, што паўсюль, дзе стаяць такія кантэйнеры для пластыку, ляжыць пластык? Вы хочаце нас абавязаць рабіць тое, што не робіць ніхто. Дома мне мець тры мяшкі?

— Прашу прабачэння за прыклад, — спрабуе быць спакойным в.а. начальніка Максім Анатолевіч Філатаў. — Вы завялі котку, але не паставілі ёй латок. Як вы прывучыце яе туды хадзіць? Куды людзі мусяць несці адсартаванае смецце, калі кантэйнераў для яго няма? Як яны да гэтага прывыкнуць? Магчыма, усё ж у працэсе ўсе пачнуць гэта рабіць: у жоўты адно кідаць, у сіні — іншае?

— Гэтая дзяржаўная праграма бяздарная, нашы дзеці ёй дадуць ацэнку. Грошы трацяцца на абы-што, — кіпяцяцца жыхары. — Ва ўсіх еўрапейскіх краінах пры арганізацыі асобнага збору смецця спачатку раяцца з насельніцтвам. Тое, што вы паставіце асобныя кантэйнеры, нічога не дасць. Спачатку трэба, каб дзяржава пачала выпускаць падобныя сметніцы для дома, каб працэс сарціроўкі адбываўся ў кватэры. Гэтага няма!

— У “Юску” такія прадаюцца. Ды і ў пакет можна скласці, што тут такога, — падтрымлівае начальніка адна з чыноўніц.

— Максім Анатолевіч, у многіх дварах такія кантэйнеры стаяць некалі гадоў. І як?

— Пакуль ніяк.

Калі “пакуль ніяк”, дык, можа, спраўдны ўлады не з таго пачынаюць? Нормы зацверджаныя, але ў людзей забыліся спытацца, ці гатовыя яны да шчасця.

Цяпер кантэйнеры для збору смецця стаяць з вонкавага боку дома. І жыхарам не цяжка насіць сюды смецце

“Вы слугі народа. Вы мусіце нас слухаць!”

Дом №15 па вуліцы Кульман — асаблівы. Кватэры ў ім выдзяліся беларускім біёлагам і творчай інтэлігенцыі. Тут, напрыклад, жыў Максім Танк. Дом вялізны — 15 пад’ездаў. У пятнаццатым пад’ездзе, натуральна, могуць не ведаць, што адбываецца каля першага.

Праўда, “добраўпарадкаванне” насупраць першых чатырох пад’ездаў напружыла і прымусіла аб’яднацца ўсіх жыхароў. Толькі пасля сумесных пікетаў працы ў двары спыніліся.

Але чыноўнікі непахісныя: пад зямлёй у двары праходзяць камунікацыі, і дрэвы нясуць ім небяспеку! А вось асфальт, плітка, кантэйнеры для смецця і грузавікі, што едуць да іх — гэта нармальна. Жыхары смяюцца.

— Ёсць нарматыў, згодна з якім, трэба ўлічваць усе сеткі і кабелі, якія праходзяць пад зямлёй. У гэтым раёне ўсё ў камунікацыях. Мы дзейнічаем у адпаведнасці з нарматывамі, — кажа Філатаў.

— Нарматывы рэкамендаваныя! Вы прымалі праект. Растлумачце. Камунікацыі застаюцца на месцы, а на іх кладуць асфальт і робяць выезды пад імі! Чаму для жыхароў робяць горш? Вы слугі народа. Вы мусіце нас слухаць!

Прадстаўнікі ўлады не лічаць, што зрабілі памылку, калі вырашылі не абмяркоўваць будучую перабудову двара з яго жыхарамі. Быццам бы ў краіне, дзе грамадзянская супольнасць слабая, можна рабіць усё што ім уздумаецца. Але жыхары дома №15 проста цяпер дэманструюць, што яны і ёсць грамадзянская супольнасць. Змены, прапанаваныя ўладамі, яны лічаць навязанымі.

— Дык прапануйце, чаго вы хочаце? — пачынае злавацца Філатаў. Дыялог з жыхарамі двара праходзіць не вельмі канструктыўна.

— Мы хочам, каб вы вярнулі ўсё на месца. Спынілі працы. Каб мы атрымалі назад свой двор.

— Гэта немагчыма! Вы разумееце, колькі грошай трэба патраціць, каб зрабіць усё так, як гэта было?! — адказвае чыноўнік.

А так часта і атрымліваецца. І будзе атрымлівацца, пакуль чыноўнікі будуць апраўдваць любыя свае дзеянні існуючымі нормамі, а меркаванні людзей прымаць да ўвагі ў апошнюю чаргу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: