Легенда біятлону: «Сцёр бы мяжу з Расіяй і пасадзіў у цэнтры Лукашэнку»

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён у складзе зборнай СССР па біятлоне, былы кіраўнік Саюза біятланістаў Расіі Аляксандр Ціханаў распавёў парталу by.tribuna.com не толькі пра спорт, але і пра жыццё ў Беларусі ды зносіны з Лукашэнкам.
ФОТА: Анатоль Рэдзін, by.tribuna.com

ФОТА: Анатоль Рэдзін, by.tribuna.com

Прыводзім вытрымкі з інтэрв'ю.

— Давайце ўсё ж такі пагаворым пра Беларусь. Калі вы пасяліліся ў «доме Чыжа»?

— Мая жонка з Мінска. Нарадзілася, праўда, у пасёлку Шушэнскае пад Краснаярскам, але потым з бацькамі з Сібіры перабралася ў Беларусь. [...]

Жаданне пераехаць жыць у Беларусь на пастаяннай аснове ў нас даўно з'явілася, але толькі нядаўна вырашылі, што час настаў. І зараз я проста нікуды не хачу з'язджаць з Беларусі. Спачатку хацеў тут пабудаваць дом, а потым прыйшоў да таго, што з домам заўсёды шмат валтузні. А пазней прыйшлі сюды і абралі сабе кватэру. Яна, дарэчы, не велізарная — 134 квадрата. Для нас цалкам нармальная. Гады два тут жывем.

— Але чаму вырашылі жыць менавіта ў гэтым раёне?

— Я вам скажу, Мінск прыгожы ва ўсіх адносінах, але больш прыгожага месца тут знайсці, напэўна, немагчыма. [...]

— Якой была Беларусь у параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі?

— Яна заўсёды была самай спакойнай, самай чыстай і самай дагледжанай. Я — калгаснік. Мне ж ёсць з чым параўнаць. У дзяцінстве пас табуны. Верхам на конях калісьці аб'ездзіў увесь свой раён. Аж да Уральскіх гор. Тут заўсёды быў самы спакойны народ, што падчас Савецкага Саюза, што цяпер. Гэта адзінае месца, дзе можна спакойна гуляць і не баяцца за сваю бяспеку. Гэта краіна, дзе дзеці ідуць у школу, і за імі ніхто не даглядае. Разумееце? Усё гэта дарагога варта. А калі выйсці пагуляць па гарадах Расіі, калі ўжо сцямнела, ёсць шанец, што дадому не вернешся. Я не баюся казаць пра гэта. Уся Сярэдняя Азія і ўвесь Каўказ пераехалі ў Расію. Карэннаму жыхару знайсці працу вельмі і вельмі складана. Больш за 40 працэнтаў сусветных пакладаў карысных выкапняў знаходзяцца ў Расіі, а ў краіне 40 мільёнаў жабракоў. Пра што яшчэ можна казаць?

— Беларусь зусім іншая краіна?

— Вы ведаеце, мне часта даводзіцца мець справу з беларусамі на сустрэчах рознага ўзроўню. І неяк яны пачалі скардзіцца, што ў краіне маленькая зарплата, я, вытрымаўшы паўзу, пацікавіўся: "Скажыце, калі ласка, а адкуль у вас павінны быць вялікія зарплаты? У Расіі больш за 40 працэнтаў запасаў сусветных карысных выкапняў. А што ёсць у Беларусі? «Беларуськалій», тры вядры нафты і сельская гаспадарка". Праўда, цудоўна, што ў вас працуюць заводы і фабрыкі. [...]

— Калі вы ўпершыню сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам?

— Гэта адбылося тады, калі жыў у Аўстрыі. Напэўна, дзесьці ў 1999-м. Аляксандр Рыгоравіч у Інсбруку катаўся на лыжах. Я таксама там быў. Лукашэнка з гары спусціўся, дарэчы, досыць прафесійна, а я ўнізе стаяў. Ён і ўбачыў мяне: «Аляксандр Іванавіч, наша легенда!» Абняў мяне, пацалаваў і сказаў, калі што, у Беларусі мне заўсёды будзе аказана дапамога і падтрымка. Але я ніколі не звяртаўся. [...]

— Як вы ставіцеся да Лукашэнкі-палітыка?

— Калі б была мая воля, я б на карце сцёр мяжу паміж Расіяй і Беларуссю, абнёс бы ўсё кітайскай сцяной і ў цэнтры пасадзіў бы Лукашэнку. 
[...]
Звярніце ўвагу, Аляксандр Рыгоравіч без канспектаў кажа пра тое, што адбываецца ў любой вобласці і ў любым раёне Беларусі. А ў Расіі кажуць тое, чаго няма, чаго ў прыродзе не існуе. Паўтараюць, што заробак павышаецца, узровень жыцця расце, а ўсё на самай справе падае. Прэзідэнта вакуумам акружылі, і ён нічога не ведае. Паглядзіце, колькі ў вас будуецца аб'ектаў. Халадзільнік — беларускі, тэлевізар, дзверы, замкі — таксама. У Расіі ж нічога няма.

— Але дзе вы ўбачыце ў Еўропе, каб прэзідэнт кіраваў краінай 24 гады. Хіба гэта нармальна?

— Абсалютна нармальна. У Нямеччыне Ангела Меркель будзе кіраваць краінай як мінімум 16 гадоў. У Расіі быў Гарбачоў, потым прыйшоў Ельцын. Адзін балбатун, другі выпіць любіў. Скажыце, калі ласка, што з імі ў лепшы бок змянілася ў краіне? А Беларусь паволі расце, развіваецца. Жыллё будуецца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. З'ездзіце ў МДУ. Паглядзіце стан інтэрнатаў гэтага ўніверсітэта і параўнайце з сельгасакадэміяй у Горках. Ды там проста рабочы інтэрнат у параўнанні з акадэміяй! Пенсіянеры ў Расіі загінаюцца, дарог няма. Ёсць толькі карысныя выкапні — больш нічога. Тут іх няма, але жыццёвыя ўмовы паляпшаюцца і паляпшаюцца.

Паводле Тараса Шчырага, by.tribuna.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: