Легендарнага прафесара Паўла Сцяцко звольнілі з Гарадзенскага ўніверсітэту ў 86 год

Доктар філалагічных навук, прафесар Павал Сцяцко разам з калектывам з васьмі навукоўцаў універсітэту імя Янкі Купалы некалькі гадоў таму падрыхтаваў да друку новы, дапрацаваны чатырохмоўны расейска-беларуска-нямецка-ангельскі фізычны слоўнік. Пакуль у аддзеле менеджмэнту ўніверсітэту вырашаюць, наколькі слоўнік можа быць запатрабаваны, у прафэсара Сцяцко гатовыя да выдання іншыя працы. Што з імі будзе, таксама няясна.


Яшчэ ў 1999 годзе ў гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы быў выдадзены расейка-беларускі фізычны слоўнік. Паводле аўтара, выйшла толькі 100 асобнікаў. Слоўнік выкарыстоўваліся ў навучальнай рабоце. Новы яго варыянт быў падрыхтаваны яшчэ колькі гадоў таму, але аддзел мэнеджменту ва ўніверсітэце пакуль не зацвердзіў дату выдання.

Спадар Сцяцко ўзгадвае, што гэты слоўнік збіраліся выдаць яшчэ тры-чатыры гады таму, але ўсё звялося да таго, што зрабіць гэта павінны былі за сродкі факультэта. А гэта азначала, што выкладчыкі на факультэце не змаглі б амаль цэлы год атрымліваць заробак.

«Цяпер нібыта яго збіраюцца выдаць, але ў аддзеле мэнеджменту кажуць, што попыт на яго малы, а значыцца, цяжка будзе выдаваць. Хоць, на маю думку, слоўнік патрэбен ня толькі для нашага ўніверсітэту, але для ўсёй Беларусі. Ён таксама будзе запатрабаваны і ў сярэдніх спецыяльных установах, і ў школах для практычных мэтаў. Калі Міністэрства адукацыі зверне на гэта ўвагу, то цалкам магчыма, што слоўнік з'явіцца накладам ужо ня сто асобнікаў, як гэта было з першым выданнем, а значна большым».

Паводле Сцяцко, слоўнік змяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных раздзелаў фізікі, а таксама сумежных навукаў — астрафізікі, біяфізікі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі ды іншых.

Выданьні прафэсара Сьцяцко


Прафесар Сцяцко — аўтар звыш 600 кніг і навуковых артыкулаў. Ён падрыхтаваў манаграфіі «Антрапонімы Беларусі» і «Слоўнік прозвішчаў Гарадзеншчыны». А яшчэ пра адну кнігу — «Дзярэчынскі слоўнік», трэцяе выданне якой рыхтуецца да 600-годдзя мястэчка Дзярэчын Зэльвенскага раёну, спадар Сцяцко, як кажа, распавядае ўпершыню.

«У гэты слоўнік увойдзе чатыры раздзелы. Першы — «Лексікон» — сам слоўнік Зэльвеншчыны. Другі — «Айконімы» — назвы населеных пунктаў Зэльвеншчыны. Трэці — «Імёны Зэльвеншчыны», чацверты — «Прозвішчы Зэльвеншчыны». Плануецца, што выданне з'явіцца дзякуючы фундатарам у гонар 600-годдзя Дзярэчына. Цікава будзе яго чытаць. Там, дарэчы, расшыфраваныя імёны і прозвішчы мясцовых людзей. Многія вядомыя людзі звярталіся да мяне з такой просьбай і былі вельмі ўсцешаныя, калі даведваліся пра паходжанне свайго прозьвішча ці імя. Дарэчы, гэта і мае родныя мясьціны, я вырас на Зэльвеншчыне і быў вучнем Дзярэчынскай школы.

Спадару Сцяцко 86 гадоў, і я цікаўлюся — ці не стаміўся ён яшчэ працаваць? Аказалася, што з 28 чэрвеня спадар Павал ужо звольнены з працы ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Міністэрская камісія зрабіла заўвагу адміністрацыі ўнівэрсытэту, што тыя нібыта прымушаюць 86-гадовага чалавека працаваць, і рэктар не працягнуў з ім кантракту.

«Я стаўлюся да гэтага дваяка. З аднаго боку, цяпер студэнты слаба працуюць, спісваюць навуковыя працы з інтэрнэту, і для мяне гэта было цяжкавата. Хоць я цалкам яшчэ працаздольны, бо мае бацькі-даўгавечнікі пакінулі мне моцныя гены. Я мог бы працаваць далей, але што зробіш, калі быў такі загад. Праўда, я застаюся кіраўніком дзяржаўнага навуковага праекту, і цяпер невядома, як быць. Мне нельга працаваць, паколькі цалкам не змагу атрымліваць сваю пенсію, а з другога боку — дзяржаўная праграма ня будзе выконвацца».

Цікаўлюся ў спадара Сьцяцко — якую пенсію атрымлівае ў Беларусі прафесар, аўтар шматлікіх кніг і навуковых публікацыяў, ці можна на гэтыя грошы пражыць, не працуючы дадаткова? Прафесар кажа:

«За кіраўніцтва дзяржаўным праектам за першы квартал мне налічылі ўсяго 380 тысяч, за другі — недзе мільён, гэта значыць, у месяц па трыста з нечым тысяч. Мая пенсія таксама скупая. Пакуль я працаваў, яна складала 3 мільёны 458 тысяч. Гэта практычна такая ж пенсія, як у маёй лабаранткі з сярэдняй адукацыяй».

Не абмінаем мы і тэму беларускамоўнага навучання ў Гарадзенскім універсітэце, якое апошнія гады практычна знікае. Узгадваючы пра сваю працу ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, спадар Сцяцко кажа, што ў 90-я гады, калі ён кіраваў кафедрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства, на філалагічны факультэт набіралі да 200 студэнтаў, а цяпер — толькі адну групу з 25 чалавек.

«Незапатрабаваны сам прадмет, як і носбіты мовы, скарачаюцца нагрузкі выкладчыкаў. Павінен сказаць, што ў дадзеным выпадку — гэта пытанні палітыкі, а я заўсёды лічыў сябе навукоўцам. Я выхоўваў студэнтаў сваёй дысцыплінай, я паказваў адметнасць беларускай нацыі, яе ментальнасьць, мову і культуру, і гэтым выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Але я не карыстаюся нейкімі гучнымі словамі, каб папросту звярнуць на сябе ўвагу. Адзінае магу сказаць, што недарэмна беларуская мова занесена ў лік моваў, якія стаяць на мяжы вымірання».

Паводле назіранняў прафесара Сцяцко, апошнім часам высокае начальства зразумела неабходнасць беларускай мовы. Але, на думку прафесара, пакуль гэта толькі словы, а робіцца дзеля мовы яўна недастаткова.

«Пакуль усё кіраўніцтва не загаворыць па-беларуску і ўсе школы і ВНУ ня стануць карыстацца беларускай мовай, справаводства ня будзе весціся на мове тытульнай нацыі, то зрухі ў гэтым кірунку будуць вельмі марудныя, і наўрад ці мы дачакаемся таго, каб не адчуваць небяспекі знікнення мовы».

Павел Сцяцко нарадзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Грабава Зэльвенскага раёну. Скончыў літаратурны факультэт, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага педагагічнага інстытуту. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёну. Выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. Загадваў кафедрай расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пазней зноў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 году ўзначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэту беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Мае больш за 600 апублікаваных працаў, у тым ліку больш за 30 кніг.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Іваноў
  • 2016-07-14 10:07:44
На здымку, які адлюстраваны ў тэксце, і падпісана: "Выданні прафесара Сцяцко" -- не так. Там толькі адна кніга Сцяцко. Злева - гадавік калектыўны, які выдаецца ў Варшаўскім універсітэце, а "Славуты зэльвенскі край" - гэта кніга краязнаўцаў і гісторыкаў Беларусі пра Зэльвеншчыну. Перш, чым так падпісваць здымак, трэба пазнаёміцца з творчасцю Сцяцко.

Больш цікавага на «Новым Часе»: