Легендарная крама Symbal.by спыніла працу (у тым ліку і анлайн) на нявызначаны тэрмін.

З сакавіка афлайн- і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спыніла сваю працу на нявызначаны тэрмін.


Як гаворыцца на сайце крамы, усе падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол кампаніі, прывялі да таго, што яна больш не можа арандаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў.

На сайце апублікаванае тлумачэнне рашэння пра спыненне працы.

«Што мы маем на дадзены момант:

1. З чэрвеня 2020 года не змянілася сітуацыя з памяшканнем на пр-це Машэрава, 18:

— нам так і не вярнулі 419 цішотак "ПСІХОЗ%", хоць былі сплочаныя штрафы пасля праверкі падатковай, а самі цішоткі прайшлі экспертызу, і ў гэтых вырабах не было знойдзена парушэнняў,

— нам так і не вярнулі бел-чырвона-белыя сцягі, канфіскаваныя ў часе праверкі на вытворчасці ў чэрвені 2020 года,

— нам так і не вярнулі сотні метраў чырвонай тканіны, канфіскаванай у швейных вытворцаў, з якімі мы супрацоўнічалі,

— нам так і не ўзгаднілі сістэму пажарнай бяспекі ў памяшканні на пр-це Машэрава, 18, нават пасля поўнай яе пераробкі згодна з самымі апошнімі нормамі,

— нам так і не знялі забарону на выкарыстанне памяшкання на пр-це Машэрава, 18 для рознічнага гандлю.

2. Нягледзячы на ўсе цяжкасці мы працягвалі працу інтэрнэт-крамы да 30 студзеня 2021 года, пры гэтым:

— няспынна адбываліся праверкі розных дзяржаўных служб у нашых партнёраў,

— за 5 апошніх месяцаў мытня не выпусціла з Беларусі і не вярнула нам больш за 200 пасылак нашых пакупнікоў,

— фіналам стала наведванне АБЭЗ, калі былі затрыманы і адпраўлены на суткі чацвёра нашых супрацоўнікаў, канфіскаваны ўвесь тавар, тэхніка і дакументы кампаніі.

На дадзены момант розныя дзяржаўныя органы ўтрымліваюць нашы тавары і рэчы на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў. Пры гэтым не паведамляючы пра іх далейшы лёс і статус.


Мы не бачым сэнсу працягваць працу крамы ў сённяшніх умовах па некалькіх прычынах:

— Symbal.by ствараўся, каб пашыраць і папулярызаваць першыя дзяржаўныя і нацыянальныя сімвалы Беларусі — герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг, а самастойна адмовіцца ад іх мы не можам,

— усе абаротныя сродкі, якія ў нас былі, засталіся ў канфіскаваным тавары, і ўкладаць новыя сродкі, каб зноў у любы момант прыйшлі і ўсё забралі — не хочацца,

— місія на дадзены момант выканана: сваёй сямігадовай дзейнасцю мы даказалі, што ёсць у беларусаў свая мова, свая гісторыя і свае сімвалы, якія яны сапраўды любяць, паважаюць і гатовыя за іх змагацца.

І мы дакладна ведаем: забараняй-не забараняй, але ў мільёнаў беларусаў сэрцы БЧБ-колераў ужо назаўжды. 70 гадоў у савецкім саюзе бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" былі пад татальнай забаронай. І што? Не дапамагло. Рэспубліка Беларусь у выніку была абвешчана незалежнай краінай у 1991 годзе пад гэтымі сімваламі. Так было і так будзе!»

Тым не менш, на сайце ёсць некалькі электронных тавараў з сыходнымі макетамі і дызайнамі ў pdf-файлах, якія раней былі рэальнымі рэчамі: кнігі, паштоўкі, торбы, цішоткі ды іншае. «Набываючы гэтыя электронныя тавары, вы дапамагаеце нашай камандзе ў мінімальным фармаце працягваць сваю дзейнасць, весці сацыяльныя сеткі, аплочваць штрафы ды іншыя выдаткі для захавання кампаніі», — адзначаюць у Symbal.by.

Да закрыцця ў кампаніі працавалі 11 чалавек, і большасці з іх цяпер трэба шукаць новую працу — іх кантакты таксама ёсць на сайце. Таксама там жа размешчаныя і некаторыя спосабы, якімі можна падтрымаць каманду, што абяцае «весці нашы сацыяльныя сеткі і расказваць беларусам пра цікавыя падзеі і з’явы, прысвечаныя беларускай мове, гісторыі, сімвалам і традыцыям».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: