Лекары напісалі ліст кіраўніку прафсаюзаў: пра лекарскую мараль і Арцёма Сарокіна

Лекары мінскіх медустаноў збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніка прафсаюза медыцынскіх работнікаў Вячаслава Шыла. Падставай для звароту стаў прысуд лекару-анестэзіёлагу Арцёму Сарокіну па справе аб «0 праміле», паведамляе «Еўрарадыё».
Арцём Сарокін і журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч у судзе.

Арцём Сарокін і журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч у судзе.


Сарокіна разам з журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч прызналі вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы. У артыкуле, які стаў падставай для крымінальнай справы, ішла гаворка пра тое, што загінулы пасля затрымання на «Плошчы Перамен» Раман Бандарэнка быў цвярозы. Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі тым часам сцвярджалі адваротнае, гаварылі, што Бандарэнка быў п'яны. Суд прысудзіў Кацярыне Барысевіч 6 месяцаў пазбаўлення волі і штраф у 100 базавых велічынь (2900 рублёў), а Арцёму Сарокіну — 2 гады калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год.

Аўтары звароту не просяць прафсаюзнага функцыянера даць прававую ацэнку рашэнню суда, яны заклікаюць ацаніць сітуацыю з пункту гледжання медыцынскай этыкі.  

«Адкажыце як кіраўнік арганізацыі, закліканай абараняць медыкаў, як лекар і як чалавек: ці правільна Арцём Сарокін паступіў з пункту гледжання медыцынскай маралі, ратуючы гонар забітага чалавека?» — гаворыцца ў звароце. За суткі зварот ужо падпісалі больш за 430 чалавек, паведамляе TUT.BY.

Гэта лекары і медработнікі сталічных клінік, шэрагу РНПЦ, гарадскога анкадыспансера, Мінскай абласной бальніцы, МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і іншых медустаноў. На дадзены момант збор подпісаў працягваецца у электроннай форме.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: