Лепей закапаць, чым аддаць людзям

Ужо трэці дзень у вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна напружана працуе магутны трактар з Капыльскага ПМК-11. Па заданню Грозаўскага сельвыканкама ён павінен закапаць 4 фундаменты дамоў і знішчыць усю расліннасць на былых падворках. Здавалася б, жыхары вёскі і дачнікі павінны радавацца наступаючай цывілізацыі, але іх адольваюць супярэчлівыя пачуцці.

— Мы ўжо даўно чакалі ліквідацыі лесу і пустазелля на зарослых падвор’ях, але думалі, што дзяржава будзе гэта рабіць больш цывілізавана, — гаворыць Зінаіда Цімошак, якая нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы. — Чакалі, што будаўнічае смецце з фундаментаў будзе вывезена, а дрэвы высечаны на дровы і таксама вывезены. Аднак усё адбылося вельмі нечакана і выглядае значна прасцей. Цэгла, камяні з фундамента, дрэвы — усё легла ў доўгую «брацкую» магілу-катлаван.


— Старшыня сельвыканкама Жана Скрыган наведала сяло некалькі тыдняў таму і цікавілася ў мяне фундаментамі былых хат. Я запыталася, навошта гэта ёй, але яна не адкрыла таямніцы, — гаворыць Людміла Дарашэвіч, былая даярка. — Калі б павесілі аб’яву аб бясплатным знішчэнні дрэваў, можа, хто з людзей і забраў бы іх. Шкада і трактарыста, ён скардзіўся, што яму цяжка ўсё выварочваць.


Аляксандр — дачнік, які кожны тыдзень, нават зімой, па некалькі дзён жыве ў вёсцы, даведаўся пра закопванне дрэваў з тэлефоннага званка суседзяў.

— Я нарыхтоўваў дровы на паліва ў лесе і баяўся што-небудзь зрэзаць у вёсцы без дазволу, — сумна кажа мужчына. — Няўжо нельга было даць аб’яву аб высечцы дрэваў на дровы і прапанаваць гэтую ільготу тым жа жыхарам Аксаміт?


Старшыня Грозаўскага сельвыканкама Жана Скрыган патлумачыла, што праца па добраўпарадкаванню залежала ад таго, калі ПМК выдзеліць трактар. Пра людзей не падумалі, бо высекчы дрэвы павінна была брыгада лесарубаў з мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.

І гэтая брыгада ў Аксамітах сапраўды з’явілася, але толькі пасля размовы карэспандэнта НЧ з старшынёй сельвыканкама — на трэці дзень, каля два падвор’і ўжо былі закапаны разам з дрэвамі і дровамі.


Цікава, што згодна Зямельнаму Кодэксу і пастановаў кіраўніцтва краіны, добраўпарадкаваныя пустуючыя землі павінны выкарыстоўвацца ў сельскагаспадарчых мэтах. Ці ўдасца тут араць зямлю без паломкі сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе спатыкацца аб камяні і закапаныя дрэвы?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: