Лепшага шахматыста Беларусі звольнілі праз яго грамадзянскую пазіцыю

Лепшы шахматыст Беларусі Уладзіслаў Кавалёў пазбавіўся працы і не зможа выступаць за зборную з-за падпісанага ліста салідарнасці спартсменаў супраць гвалту і адмовы падпісваць дадатковае пагадненне да кантракта, якое тычыцца сімволікі і выказванняў у СМІ спартсменаў.

Крыніца фота: pressball.by

"На мінулым тыдні лепшы з беларускіх шахматыстаў падпісаў адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Таксама ён адмовіўся падпісваць дадатковае пагадненне да кантракта з Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі па шашках і шахматах, за што быў звольнены з нацыянальнай зборнай і зняўся з чэмпіянату краіны, дзе ўпершыню за доўгі час не было прызавога фонду", — паведамляе спартыўны сайт Tribuna.com.

Кавалёў растлумачыў, што дадатковае пагадненне, на яго погляд, накладвала на яго "вельмі спрэчныя абавязацельствы". Так, шахматыст палічыў дзіўным, што яму ставяць у абавязак гуляць у адзенні з дзяржаўнай сімволікай. "Лічу, кожны сам павінен выбіраць, у чым яму гуляць. За яго не можа вырашаць нехта іншы. Ну і быў пункт, які забараняе дзе-небудзь выказвацца публічна, посціць нешта ў сацсетках без узгаднення", — распавёў Кавалёў.

Па словах шахматыста, як толькі ён адмовіўся падпісваць гэты дакумент, яму паведамілі пра непадаўжэнне кантракту і пазбаўленне стаўкі.

"І была агучана фраза па лініі міністэрства, што "незаменных няма, знойдзем іншых", — дадаў ён.

Кавалёў з'яўляецца неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі па шахматах, удзельнікам прэстыжнага турніру "Юныя зоркі свету" і Сусветных шахматных Алімпіяд 2012, 2014, 2016 і 2018 гадоў. Таксама ў складзе зборнай Беларусі ён выступаў на чэмпіянатах Еўропы і свету.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: