Летась у Беларусі зарэгістравана 259 выпадкаў адзёру. Годам раней – толькі адзін

На мінулым тыдні ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці былі зафіксаваныя два новыя выпадкі адзёру. «Новы Час» накіраваў запыт у Міністэрства аховы здароўя з просьбай распавесці пра сітуацыю пра захворванне ў Беларусі.
Паводле атрыманага адказу за подпісам намесніцы міністра, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Беларусі Наталлі Жукавай, у краіне за 2018 год зафіксавана 259 выпадкаў адзёру (для параўнання, за 2017-ты — усяго толькі адзін выпадак). З іх — ніводнага смяротнага. У пераважнай большасці адзначаюцца завазныя выпадкі інфекцыі (у асноўным з Украіны), а таксама выпадкі ў кантактах з хворымі на адзёр асобамі. Адметна, што выпадкі рэгістраваліся, галоўным чынам, сярод дарослых, хаця раней адзёр лічыўся дзіцячай хваробай.

Знізіць распаўсюд захворвання дапамагае вакцынацыя. У Беларусі імунізацыя дзецям супраць адзёру праводзіцца ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў. Ахоп прышчэпкамі дзяцей у нашай краіне складае 98 і болей працэнтаў. Так, летась беларускія медыкі прышчапілі ад адзёру больш за 286 700 чалавек. Для вакцынацыі выкарыстоўваецца камбінаваная вакцына «Priorix» (Бельгія), выпадкі ўскладненняў ад яе не зарэгістраваныя.  
З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі па адзёру, якая складваецца ў свеце і ў сумежных з Беларуссю краінах, Мінздароўя рэкамендуе рабіць прышчэпкі тым, хто выязджае за межы нашай дзяржавы. Агулам жа ў Беларусі створана моцная імунная праслойка, якая не дае цыркуляваць вірусу, адзначаюць у ведамстве.

Адзёр — гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам. Падчас захворвання могуць развіцца такія ўскладненні як стаматыт, пнеўманія, менінгіт, энцэфаліт. Інкубацыйны перыяд адзёру складае ў сярэднім 21 дзень, часам ад моманту заражэння да першых сімптомаў захворвання праходзіць 8—12 дзён, у некаторых выпадках гэты перыяд падаўжаецца да 28 дзён. У пачатку захворвання з'яўляюцца сімптомы, падобныя на прастудныя: агульнае недамаганне, млявасць, галаўны боль. Тыповы знешні выгляд хворага: азызлы твар, пачырванелыя, слязлівыя вочы. Хворага турбуюць насмарк і сухі кашаль, тэмпература падвышаецца да 39—40 ° С і не змяншаецца пры намаганнях яе панізіць. Голас становіцца асіплым, развіваецца кан’юктывіт. На 1—2 дзень захворвання на слізістай абалонцы шчок з'яўляюцца дробныя белаватыя плямы, а затым з 4—5 дня ад пачатку хваробы адзначаецца паэтапнае распаўсюджванне сыпу: спачатку за вушамі, на твары, шыі, на працягу наступных сутак сып узнікае на тулаве і руках, і на 3-ці дзень з'яўляецца на нагах. У наступныя 3—5 дзён пры спрыяльным працягу сімптомы хваробы памяншаюцца, тэмпература зніжаецца. Хворы максімальна заразны за 2 дні да з'яўлення прыкмет захворвання і да 4—5 дзён пасля з'яўлення сыпу.
 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!