«Лічу помсту шляхетным пачуццём». Гомельская выкладчыца і кандыдатка навук расказала пра 8 сутак арышту

Наталля Суслава выкладае рускую літаратуру ў Гомельскім дзяржунівэрсітэце імя Францішка Скарыны. Яна кандыдатка філалагічных навук. Ёйныя лекцыі студэнты называюць самымі яркімі. «Я радыкальная нацыяналістка паводле тыпу свядомасці», — кажа пра сябе ў інтэрв'ю «Свабодзе» выкладчыца і са смехам апавядае пра «суткі», сябе і былога студэнта Сяргея Ціханоўскага.


«Цяпер буду вітацца так: «Вечар у хату!»
Наталля не лічыць сябе ахвярай. Кажа, што рана ці позна яе мусілі «ўзяць у палон». Яна хадзіла на акцыі ад 9 жніўня. 27 верасня яе ўсё-ткі затрымалі і пакаралі арыштам на 8 сутак.

Пасля «сутак» ва ўніверсытэце яе сустрэлі «хлебам-соллю». Студэнты падарылі футболку з прынтам «таго самага» здымка, дзе Наталля ідзе паўз міліцыянта. Калегі спяклі яблычны пірог і падарылі кубак з надпісам «Верым». «Мусіць, наконт „Можам, пераможам“ яны пакуль сумняваюцца», — жартуе выкладчыца.

Да яе на ІЧУ пачкамі прыходзілі лісты і паштоўкі са словамі падтрымкі. Выпускнікі філфаку запісалі відэазварот у яе падтрымку.

«Цяпер буду вітацца так: «Вечар у хату!». І казаць: «Вечар у радасць, чыфір у сладасць», — смяецца выкладчыца.

Першыя суткі яна сядзела з «дамамі, якія там былі не першы, не трэці і не апошні раз».

«Яны мяне проста замілавалі! Такія пакемоны. Можа, калі яны нап’юцца, то выглядаюць не надта, але ў ізалятары яны адышлі ад алкаголю і былі добразычлівыя і мілыя. Яны ў мяне пыталіся пра сцяг, чаму мы ходзім з бел-чырвона-белым. Я ім расказала пра гісторыю сцяга, пра герб „Пагоню“, яны здзівіліся. Паміж сабой яны казалі, што пойдуць наступны раз на марш пратэсту. І потым уяўлялі, як здзівяцца іх участковыя міліцыянты ці канвойныя на ІЧУ, калі іх „прымуць“, але не за бойку, а за палітыку. Іх гэта надта весяліла», — расказала Наталля.

Яна сядзела з іншымі асуджанымі толькі адны суткі. Потым яе перавялі ў адзіночную камеру.

«Ізалятар не пекла, і канваіры не чэрці»

Наталля кажа, што каб і хацела прыдрацца да супрацоўнікаў ізалятару, то няма да чаго. 

«Калі яны са мной кантактавалі, то ім было цяжка, але яны далі рады: ніводнага нецэнзурнага выразу. Хоць я чула, як яны размаўляюць у калідоры паміж сабой. Напэўна, мне дапамог літаратурны досвед, творы Варлама Шаламава. Там было пекла, а ў ІЧУ — нічога страшнага. Пакут там не адчувала. Такі благі санаторый», — разважае выкладчыца.

«Непрыемны момант — калі пратэстоўцы ўбачылі чорную форму і пабеглі»

Наталля хадзіла на розныя акцыі ў Гомелі. Цяпер яна ўспамінае прыемныя і непрыемныя моманты. Непрыемны быў, калі ў адну з нядзель пратэстоўцы пабеглі адразу, як толькі ўбачылі чорную форму АМАП.

«Я стаяла на ганку нашага фатальнага месца, цырку, і з незадаволенасцю назірала іх сыход. Да мяне падышлі амапаўцы і прапанавалі мяне правесці. Не ў аўтазак. І адзін з іх мне сказаў: „З кім вы звязаліся? Вы не таго поля ягада“. Гэта было непрыемна. Я дарослы чалавек і сама выбіраю, дзе мне быць і з кім», — зазначыла Наталля.

Калі пасля першага тыдня пратэстаў у людзей пачалася «нематываваная эйфарыя, хоць нічога не дабіліся», Наталлі спачатку гэта таксама не спадабалася. У прыватнасці, ёй не падабаліся і акцыі «жанчын у белым з кветачкамі».

«Тады я падумала: «Ну хай людзі адчуюць сябе свабоднымі і потым будуць за гэта пачуццё змагацца. Свабода — гэта надзвычай важна, але важная і свабода выбару. Калі людзі выбіраюць, як паводзіцца, гэта іх выбар. Я асабіста лічу помсту шляхетным пачуццём. Калі ў цябе забралі сына, то ты мусіш выйсці не на мірны пратэст. Я не разумею: калі ў цябе забралі сябра, чаму на наступны дзень не выходзяць усе ягоныя сябры і блізкія?», — кажа Наталля.


Але калі яна сутыкнулася з затрыманымі ў аўтазаку і ў міліцыі, то «памякчэла да людзей».


«Многія проста не гатовыя да затрымання. Яны надта моцна перажываюць, гэта вышэй за іх магчымасці, гэта проста «не іхнае», — лічыць літаратуразнаўца.

У апошнюю нядзелю ў Гомелі практычна не было традыцыйнай акцыі пратэсту. Наталля ў гэты час сядзела ў ізалятары і назірала адтуль, як супрацоўнікі ІЧУ рыхтаваліся да акцыі.

«Вызвалілі перад нядзеляй увесь першы паверх. Каго ў Брагін, каго куды накіравалі. Рыхтаваліся. Але прывезлі толькі некалькі чалавек. Канваіры былі расчараваныя», — са смехам кажа Наталля.

Яна не баіцца страціць працу і кажа, што на магчымыя пытаньні рэктара адкажа словамі Караткевіча: «Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць, сьвіньні рыцца ў гноі сваім, а льву патрэбны калючы гушчар, родны край і свабода ў ім».

«Палохалі мяне „пякельным хамам“ Ціханоўскім»

Сяргей Ціханоўскі, цяперашні палітзняволены, вучыўся на гомельскім філфаку. Выкладала ў яго і Наталля Суслава.

«Я толькі пачала працаваць, а Сяргей то адлічваўся з вучобы, то ўзнаўляў навучанне на завочным, і ў яго была такая рэпутацыя сярод выкладчыкаў, што ён „страшна ўсім хаміць“. Але да мяне чамусьці такія людзі пранікаюцца, мне не хаміў. Толькі ўвесь час я здзіўлялася з тых дзікіх гісторый, якія ён мне апавядаў — пра ваенкамат, пра клубы, дзе ён быў уласнікам», — прыгадвае выкладчыца.

Яна кажа, што «ўпершыню сустрэлася з такім чалавекам, такім авантурыстам».

«Ён здаваў працы — мне здаецца, іх пісалі закаханыя ў яго дзяўчаты. І быў смешны выпадак, калі ён прынёс мне проста гару нейкіх пераздач, работ і заявіў: „Я жаніцца збіраюся! А кажуць, ёсць такая прыкмета — разлічыцца перад шлюбам з усімі запазычанасцямі“. Раней я не вельмі яму верыла. А цяпер упэўнена, што гэта ўсё была чыстая праўда. Але пайсці ў прэзідэнты — гэта было занадта нават для яго», — кажа Наталля Суслава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: