«Лічым абсалютна неабгрунтаваным». НАК — пра санкцыі МАК і непрызнанне Віктара Лукашэнкі

Амаль суткі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі трымаў паузу, пасля таго, як МАК не прызнаў Віктара Лукашэнку прэзідэнтам арганізацыі і пакінуў у сіле астатнія санкцыі ў дачыненні да НАК. Аднак афіцыйнай рэакцыі грамадскасць усё ж дачакалася. Заява з актуальнай нагоды апублікавана на афіцыйным сайце галоўнага алімпійскага ведамства краіны.
Фота noc.by

Фота noc.by

«Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь з павагай ставіцца да любых рашэнняў Міжнароднага алімпійскага камітэта і прыняў да ведама пастанову выканкама МАК ад 8 сакавіка бягучага года, — гаворыцца ў заяве. — У той жа час мы неаднаразова заяўлялі аб выкананні Алімпійскай хартыі, алімпійскіх ідэалаў і каштоўнасцей, прытрымліваючыся іх з моманту свайго стварэння. Гэта пацвярджае, у тым ліку, праведзеная сумесна з Міжнародным алімпійскім камітэтам і адзначаная ў яго рашэнні канструктыўная праца па змене Статута нашай арганізацыі ў адпаведнасці са стандартамі належнага кіравання і рэкамендацыямі МАК.

Пазіцыю МАК адносна "непрызнання абрання Віктара Лукашэнкі новым прэзідэнтам НАК Беларусі і Дзмітрыя Баскава — членам выканкама НАК" лічым абсалютна неабгрунтаванай. Справаздачна-выбарны Алімпійскі сход, на якім і быў абраны новы кіраўнік і склад выканкама нашай арганізацыі, адбыўся пры ўдзеле ўсёй спартыўнай грамадскасці краіны — чэмпіёнаў і прызёраў гульняў, дзеючых спартсменаў, трэнераў, кіраўнікоў спартыўных арганізацый — выключна ў адпаведнасці са Статутам НАК Беларусі і дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Перакананыя, што дадзенае рашэнне носіць выключна палітычны характар, тым самым парушаючы прынцып "спорт па-за палітыкай". Дзеянні Міжнароднага алімпійскага камітэта не маюць пад сабой доказнай базы, заснаваныя на суб'ектывізме і палітыцы "падвойных стандартаў", наносячы тым самым шкоду рэпутацыі алімпійскага руху на міжнароднай спартыўнай арэне.

Заява МАК не з'яўляецца падставай для спынення паўнамоцтваў прэзідэнта НАК Беларусі Віктара Лукашэнкі і сябра выканкама Дзмітрыя Баскава.

Пры гэтым указанне МАК на тое, што папярэдняе кіраўніцтва НАК не змагло ў поўнай меры выканаць першы пункт рашэння МАК ад 7 снежня 2020 года ў частцы незабеспячэння належнай абароны беларускіх спартсменаў ад палітычнай дыскрымінацыі ўнутры Нацыянальнага алімпійскага камітэта, федэрацый па відах спорту, усяго спартыўнага руху, выглядае прадузятым і заснаваным на павярхоўным разуменні комплекснай працы НАК па выкананні сваіх функцый, а таксама рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Усе спартсмены незалежна ад іх палітычных поглядаў працягваюць падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгоддзя і знаходзяцца ў роўных умовах, удзельнічаюць у кваліфікацыйных Алімпійскіх турнірах згодна з выкананымі нарматывамі, па выніках якіх лепшыя з іх будуць уключаны ў склад нацыянальнай алімпійскай зборнай выключна на падставе спартыўнага выніку. 

У чарговы раз заяўляем аб гатоўнасці да канструктыўных перамоў з кіраўніцтвам Міжнароднага алімпійскага камітэта.

НАК Беларусі па-ранейшаму адкрыта запрашае прадстаўнікоў МАК у Мінск для комплекснага і ўсебаковага вывучэння сітуацыі і прамога дыялогу з беларускай спартыўнай супольнасцю. У сваю чаргу, у выпадку захавання дыскрымінацыйнага падыходу ў дачыненні да беларускага алімпійскага руху, мы пакідаем за сабой права абскардзіць гэтае рашэнне ў адпаведнасці з міжнародным спартыўным заканадаўствам».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: