Лідар БНФ: «Нельга даваць дзяржаве права караць людзей смерцю»

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаўся з нагоды тыдня супраць смяротнага пакарання.



Рыгор Кастусёў. Фота з Facebook

Ад 5 кастрычніка ў Беларусі праводзіцца тыдзень супраць смяротнага пакарання. З гэтай нагоды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нагадаў, што патрабаванне скасавання смяротнага пакарання ўваходзіла ў перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў ад Партыі БНФ, а ад 2014 года гэткае палажэнне ўнесенае ў афіцыйную праграму БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ.

Палітык таксама выказаў асабістае стаўленне да чыннікаў, якія абумоўліваюць неабходнасць адмовы ад смяротнага пакарання:

"Наяўнасць смяротнага пакарання робіць немагчымым уступленне Беларусі ў Савет Еўропы. На карысць адмовы ад смяротнага пакарання існуе безліч аргументаў як гуманітарнага, этычнага парадку, так і крыміналагічнага кшталту. Менавіта з гэтай прычыны палажэнне пра скасаванне смяротнага пакарання ўключанае ў праграму Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне".

Я сам не спецыяліст у крыміналогіі і не лічу сабе ўпаўнаважаным разважаць пра тое, якім чынам наяўнасць у законе смяротнага пакарання ўплывае на стан злачыннасці. Я больш разбіраюся ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Я ўсё жыццё прапарацаваў у сельскай гаспадарцы і ў ЖКГ, у дзяржаўным сектары гэтых галінаў. І я скажу так: той, хто адэкватна ацэньвае маштаб хібаў і промахаў, ды і адкрытых злоўжыванняў у дзяржаўнай палітыцы ў сельскай гаспадарцы, хто бачыць знутры, як працуе дзяржаўная сістэма ў ЖКГ, той ніколі не пагадзіцца з тым, каб такая ж сістэма вырашала пытанні чалавечага жыцця. Не толькі з нейкіх высокіх меркаванняў а з простых практычных прычынаў: нельга даваць дзяржаве права караць людзей смерцю. Бо яна непазбежна будзе гэтым правам злоўжываць”, — адзначыў Рыгор Кастусёў у сваім допісе ў Фэйсбуку.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-05 14:13:29
Малайчына, Рыгор! Піяр што трэба. Толькі нашай дзяржаве гэтае права даў народ. На рэферэндуме.

P.S. Ізноў інфа з б-ч-б Вясны. Во блін змагаецца б-ч-б Вясна за задурманьванне моска маладых беларусаў. І Новы б-ч-б ідэалагічны час тут як тут.
Напісаў на фб старонцы б-ч-б Вясны, што яна за б-ч-б. Адкзала НЕ, маўляў, яна ЗА ЎСІХ. Параіў ёй б-ч-б байкі распавядаць Захаду, а не мне.