Ліквідацыя Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Вясёлка» ў Мазыры адкладзеная

Пра гэта стала вядома сёння з рашэння Мазырскага райвыканкама №992 ад 25 траўня. Дата ліквідацыі Цэнтра перанесена з 1 ліпеня на 1 кастрычніка. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка са спасылкай на бацькоў пракаментаваў сітуацыю.
— Калі бацькі дзяцей з асаблівасцямі вядуць вялікую барацьбу па захаванні ў Мазыры гэтага унікальнага Цэнтра, радуешся любым, няхай нават прамежкавым перамогам. Перанос даты яго ліквідацыі на час выбараў — добры пачатак! Як мінімум, дзеці-інваліды пачнуць новы навучальны год у роднай ім установе.

Праваабаронца таксама падзяліўся яшчэ адной свежай навіной. Адказваючы на ​​калектыўную скаргу бацькоў Гомельскі аблвыканкам кажа пра неабходнасць функцыянавання Цэнтра.

Выказваючы асцярожны аптымізм, праваабаронца заяўляе, што пакуль рашэнне аб ліквідацыі Цэнтра у Мазыры не адменена, бацькі будуць працягваць выкарыстоўваць распачатую палітычную кампанію ў інтарэсах захавання Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.


Адзначым, што рэабілітацыйны цэнтр «Вясёлка» ў Мазыры ўжо знаходзіўся пад пагрозай закрыцця. У 2016 годзе выхаванцам установы прыйшлося арганізаваць грамадзянскую кампанію і праводзіць збор подпісаў. Пад адной з петыцый падпісалася амаль 17 тысяч чалавек. Тады мясцовыя ўлады пад ціскам грамадскасці не пайшлі на ліквідацыю неабходнага для людзей з асаблівымі патрэбамі цэнтра.


Паводле gomelspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: