Лілія Уласава: пра гора горкае і пра тое, калі вызваляць Бабарыку

Беларуская турма — жорсткае месца... Тэрміны не адэкватныя дзеянням... Тваё гора накладаецца на іншыя, іншыя — на тваё, і ты раствараешся ў гэтым горы і негатыве, расказала сябра Каардынацыйнай рады Лілія Уласава, перадае «Свабода»
Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязнямі. Лілія Уласава побач з Віктарам Бабарыкам

Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязнямі. Лілія Уласава побач з Віктарам Бабарыкам

Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Лілія Уласава ў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу «Дождь» расказала пра падрабязнасці сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ і пра ўмовы зняволення.

Была дамоўленасць пра канфідэнцыйнасць размовы, але паколькі іншыя ўдзельнікі пра яе расказваюць у СМІ, Уласава вырашыла таксама не маўчаць. «Свабода» падае асноўныя цытаты з размовы.

 

Падумала, што гэта двайнік, а не Лукашэнка

Я спачатку не паверыла, што гэта Аляксандр Рыгоравіч, што гэта прэзідэнт прыйшоў. Я думала, што гэта двайнік, розыгрыш. Праз 10 хвілін мы ўсе сталі прыходзіць у сябе і зразумелі, што гэта прэзідэнт, асобы, якія яго суправаджаюць. Стала зразумела, што нешта адбываецца звышнатуральнае.

 

Што гаварыў пра Канстытуцыю

Аляксандр Рыгоравіч заявіў, што хацеў бы абмеркаваць новую Канстытуцыю і хацеў пачуць нашу думку, але ніхто не быў гатовы. Віктар Бабарыка сказаў пра асноўныя палажэнні — прыватную ўласнасць, падзел уладаў. Аляксандр Рыгоравіч стаў каментаваць, выказаўся супраць прыватнай уласнасці.

З таго, што я памятаю, было сказана, што прэзідэнцкі тэрмін будзе абмежаваны двума тэрмінамі, што ён на наступных выбарах удзельнічаць не будзе, а цяпер яму патрэбны час для рэформаў.

Рэформы будуць ісці, Канстытуцыя будзе прынятая, будуць новыя выбары. Гучаў тэрмін праз два гады, потым лета наступнага года, што тады будзе прынятая Канстытуцыя і пройдуць выбары.

 

Лукашэнка абяцаў працягнуць «дыялог» у Палацы Незалежнасці

Лукашэнка не праяўляў эмпатыі, але і не праяўляў негатыву. Казаў: «Я бачу, што вы любіце Беларусь гэтак жа, як і я». Размова скончылася тым, што ён сказаў, што наступны раз я вас запрашу ў Палац Незалежнасці для працягу дыялогу.

 

Не давалі піць і есці

З чатырох з паловай гадзін 30–40 хвілін гаварылі зняволеныя, астатні час — Аляксандр Рыгоравіч. Я ўжо пры канцы размовы амаль траціла прытомнасць. Мяне прывезлі ў КДБ у 6:30 раніцы, я не выпіла ані глытка вады, нічога не з’ела. А завяршылася гэта ў 15:30. Мае калегі таксама... Усе хацелі ў туалет. Вады не было. Энергетыка Аляксандра Рыгоравіча моцная такая, для знясіленых турэмным зняволеннем людзей гэты было моцнае выпрабаванне.

 

Пра ўмовы вызвалення Бабарыкі

Я спадзяюся, што людзей павінны вызваліць. Але ў мяне ўражанне, што не ўсіх, напэўна. Для Віктара Бабарыкі былі агучаныя канкрэтныя ўмовы выхаду. Я, напэўна, не маю права гаварыць. Я думаю, што Максіма Знака павінны выпусціць найбліжэйшым часам, а Ціханоўскага, Калеснікаву і Бабарыку — не. Максім Знак праект Канстытуцыі напісаў, свае заўвагі.

 

Пра цяжкія ўмовы зняволення

 

Лілія Уласава да арышту

За паўтара месяцы здароўе сапсавалася. Спрабую аднавіцца, пачала лячэнне. Пакуль галаўныя болі не праходзяць. Беларуская турма — жорсткае месца. Апошнія тры тыдні сядзела ў камеры, дзе 10 чалавек. Невялікі пакой, у якім усе кураць. Я не курыла і ад гэтага вельмі пакутавала. Невыносныя ўмовы існавання. Псіхалагічна цяжка — жанчыны плачуць, сварацца, часам бойкі адбываліся. Важна ў такой сітуацыі захаваць баланс. Паколькі я медыятар і знаёмая з псіхалогіяй, я магла садзейнічаць людзям, супакойваць іх.

Гора горкае ў турмах. Тэрміны не адэкватныя дзеянням. Я ўвогуле не разумела, за што сяджу. Я нічога не здзяйсняла. Тваё гора накладаецца на іншыя, іншыя — на тваё, і ты раствараешся ў гэтым горы і негатыве. Адзіная думка — не здацца, трымацца. Нават калі ціск зашкальваў, я імкнулася захаваць здаровы сэнс. У 67 гадоў я перажыла наймацнейшы стрэс.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: