Лінгвістычны ўніверсітэт не працягнуў кантракт з найстарэйшым выкладчыкам, які асудзіў гвалт і падтрымаў студэнтаў

Кіраўніцтва Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту не працягнула кантракт з дацэнтам Юрыем Стулавым, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле тэлеграм-каналу «МГЛУ за Свободу», Юрый Стулаў супрацоўнічаў з навучальнай установай больш за 50 гадоў, у 1990-я быў прарэктарам. Апошнім часам загадваў кафедрай замежнай літаратуры. Сам выпускнік «ін’язу».

У верасні мінулага года, калі ва ўніверсітэце пачалі затрымліваць актыўных студэнтаў, а потым і звальняць неабыякавых выкладчыкаў, Юрый Стулаў актыўна стаў на іх абарону.

«Калі АМАП хапаў студэнтаў проста ва ўніверсітэце, як настаўнік можа гэта проста так прыняць? Людзі спрабуюць паказаць, што яны патрабуюць пераменаў, што яны ніякія не прастытуткі, а звычайныя людзі. Нічога не было пачута, на жаль. Беларусы — вельмі спакойны народ, вельмі цярплівы. У мяне доўга было жаданне з'ехаць у Маскву працаваць, але на пэўным этапе жыцця я зразумеў, што ў Беларусі лепш. Зусім іншы менталітэт. І калі пачалі тысячамі затрымліваць, навошта? Што гэта мяняе? Толькі павялічвае колькасць незадаволеных», — казаў ён у інтэрв'ю Свабодзе.

Летась у лістападзе Юрый Стулаў разам з іншай звольненай выкладчыцай універсітэту Наталляй Дулінай далучыўся да Каардынацыйнай рады. Ён перакананы, што сітуацыя ў Беларусі абавязкова зменіцца. Па яго словах, рэпрэсіі і ціск не могуць працягвацца бясконца, а людзі знойдуць іншыя спосабы пратэсту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: