Лісты ў клетачку: як у Беларусі перапісваюцца з палітвязнямі

Многія беларусы пішуць палітвязням у СІЗА. Ці даходзяць лісты? Хто і што на іх адказвае? Што не прапускае турэмная цэнзура?

Ліст ад палітвязня Ігара Лосіка 


«Новы год мы сустрэлі сціпла з гарбатай і прысмакамі перад адбоем (адбой быў, як звычайна, у 22.00). Святочная атмасфера тут адчуваецца толькі па лістах і паштоўках, якія мы атрымліваем ад сяброў, блізкіх і неабыякавых людзей, неверагодных беларусаў. У цэлым, тут не любяць выхадныя і святы, так як на гэты час усе спыняецца (пошта, перадачы, візіты)», - цытуе чарговы ліст з СІЗА суразмоўца DW Марыя. Беларусы актыўна перапісваюцца з палітвязнямі, якіх у краіне больш за 190. З'явіліся нават спецыяльныя сэрвісы, якія дапамагаюць завесці перапіску з палітвязнем.


Як пасябраваць з палітвязнем?

У падтрымку палітвязняў створана некалькі валанцёрскіх ініцыятыў. Штаб экс-кандыдата ў прэзідэнты, банкіра Віктара Бабарыкі запусціў сайт дружбы з палітвязнямі Politzek.me.

Беларусам прапануюць не толькі адпраўляць лісты ў СІЗА, але і выконваць простыя заданні, якія дазволяць прыцягнуць яшчэ больш увагі да гэтай тэмы, напрыклад, распаўсюдзіць інфармацыю пра кагосьці са зняволеных у сацсетках. «Мы таксама размяшчаем інфармацыю аб тым, дзе знаходзіцца чалавек. У профілі кожнага палітвязня ёсць факты пра Яго, ведаючы якія, лягчэй пачаць перапіску. У нас ёсць рэгулярная рубрыка ў Instagram, дзе публікуюцца адказы палітвязняў», — распавядае прадстаўніца праекта Іна Кавалёнак.

Сервіс «Лісты ў клетачку» аказвае непасрэдную дапамогу ў адпраўцы і атрыманні лістоў для і ад палітвязняў. «Мы атрымліваем электронныя лісты, раздрукоўваем іх і адпраўляем, а потым, калі прыходзіць адказ, скануем і адсылаем на электронны адрас чалавека, які да нас звярнуўся, — кажа прадстаўніца праекта Яна Ганчарова. — Такі спосаб падыходзіць для тых, хто піша з-за мяжы, або не хоча паказваць свае дадзеныя. Пісаць можна нават на англійскай мове — валанцёры іх перавядуць і адправяць».

Турэмная цэнзура не прапускае фрагменты з палітычнымі заявамі, інфармацыяй пра дэманстрацыі і акцыі пратэсту, могуць не дайсці і вытрымкі з літаратуры або прэсы. «На 100 адпраўленых лістоў прыходзіць максімум 10 адказаў палітвязняў. Дзесьці цэнзура больш жорсткая, напрыклад, на Валадарцы (СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. — рэд.). У рэгіёнах і ў калоніях, як правіла, крыху прасцей-адтуль адказы прыходзяць часцей», — адзначае Ганчарова.


Павел Севярынц у турме піша кнігі

Мінчанка Галіна лістуецца з палітычнымі вязнямі ўжо некалькі месяцаў. «Да нядаўняга часу цэнзары нічога не выкрэслівалі, але цяпер прыйшло некалькі лістоў, у якіх нешта старанна запэцкалі. Я спрабавала разабраць, што, але пакуль так і не зразумела», — кажа жанчына.

Цяпер у яе каля 70 адрасатаў у беларускіх СІЗА. Яна адаслала больш за 110 лістоў і паштовак, атрымала 22 адказы ад палітвязняў і два ад тых, хто адбываў адміністрацыйны арышт. Галіна займаецца даследаваннем іканапісу і ў некаторыя лісты ўкладвала раздрукаваныя выявы абразоў: «напрыклад, Марыі Калеснікавай — да гэтага часу не ведаю, атрымала яна мой ліст ці не, адказ так і не прыйшоў — адправіла малюнак Панны Марыі ў асяроддзі анёлаў з музычнымі інструментамі».

Ліст ад палітвязня Міколы Дзядка


Адказы ад палітвязняў прыходзяць розныя: хтосьці лаканічна дзякуе, з кімсьці завязваецца перапіска. «Павел Севярынц (апазіцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, у СІЗА амаль 8 месяцаў. — Рэд.) у турме піша кнігі і распрацоўвае віктарыну, прысвечаную хрысціянству, папрасіў даслаць цікавыя факты пра беларускае хрысціянскае мастацтва, — распавядае суразмоўца DW. — Антаніна Канавалава (давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, у СІЗА больш за 4,5 месяцаў) распавяла, што ў яе двое дзяцей, што самае цяжкае — гэта расстанне з імі. Таксама напісала, што хацела б лепш вывучыць беларускую мову. Я прапанавала “Дыстанцыйнае навучанне”: буду адпраўляць ёй заданні, а яна — адказы».


«Ніколі не ведаеш, ці прыйдзе адказ»

Кацярына Талочка першы ліст у СІЗА адправіла яшчэ ў ліпені — Віктару Бабарыку: «За час перадвыбарчай кампаніі праніклася сімпатыяй да гэтага чалавека, плюс ён, як і я, любіць сабак. Я напісала яму больш за 20 лістоў, але адказу так і не атрымала... У канцы верасня да мяне далучылася сяброўка, мы паставілі задачу напісаць усім беларускім палітвязням».

Талочка адпраўляе каля 10 лістоў на тыдзень: «Ніколі не ведаеш, калі прыйдзе адказ і ці прыйдзе наогул... Калі на Новы год мяне павіншавалі некалькі хлопцаў, якім я пісала ў кастрычніку, даведалася, што мае лісты ім дайшлі і адказы былі, але я іх не атрымала».

Па словах жанчыны, у лістах людзі распавядаюць пра сваё жыццё да затрымання, просяць дасылаць навіны. «Лявон Халатран (валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, абвінавачваецца па артыкуле “масавыя беспарадкі”, у СІЗА больш за 5,5 месяцаў) заўсёды ўпрыгожвае лісты яркімі налепкамі і распавядае нешта цікавае. Уладзімір Гарох (прысуджаны 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму) дасылае свае вершы. Адзін з хлопцаў, з якім я перапісваюся, ніколі не бачыў мора, іншы марыць адкрыць прытулак для жывёл, нехта хоча пабудаваць дом. Гэта акрамя галоўнага — убачыць сям'ю».


У вязьня павінна быць не больш двух фота

«Раней палітвязням я ніколі не пісала. Так, я ведала пра іх існаванне, падзяляла погляды, але яны былі там, а я жыла сваім звычайным жыццём. Цяпер я так не магу. Я не ведаю, як я магла б цяпер паляцець у адпачынак на мора, калі Сяргей Ціханоўскі (беларускі блогер, у СІЗА больш за 8 месяцаў. — Рэд.) піша мне з Жодзінскай турмы пра холад у камеры і тое, што яму даводзіцца выносіць: «Тут сабе не належыш. Тут ты раб. Адмова выканаць загад — карцэр», — распавядае Марыя.

Максім Знак (юрыст штабу Віктара Бабарыка, член прэзідыума Каардынацыйнага савета, у СІЗА 4 месяцы) даслаў Кацярыне Талочка паштоўку, якую для яго намалявала сястра.

Паштоўка ад Максіма Знака


Жанчына асабіста знаёмая з Ціханоўскім па працы, яшчэ адзін яе калега ў зняволенні — Улад Карэцкі (валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, у СІЗА са жніўня, абвінавачваецца па артыкуле “масавыя беспарадкі”. — Рэд.). «Ва Улада псарыяз, з такой хваробай у турме складана. Такі ж дыягназ і ў Яўгена Рознічэнкі (фігурант “справы Ціханоўскага”, затрыманы 29 траўня. — Рэд.). Ён з Гародні, таму рэгулярна прывозіць перадачы з маззю ў родных не было магчымасці. Неабыякавыя беларусы слалі яму мазь бандэролькамі, укладвалі чэкі і прасілі перадаць».

Марыя адзначае, што на многія лісты адказу не атрымала, паштоўкі даходзяць ва ўсе СІЗА, акрамя СІЗА КДБ — там іх не любяць, але туды можна адпраўляць фота. «Я прачытала, што там з вокнаў не відаць неба, і прасіла сяброў даслаць здымкі неба, мне слалі з усяго свету фота з сонцам, аблокамі, вясёлкай, заходамі і світаннем, і яны дайшлі палітвязням. А вось на Валадарку фота я нават не спрабую адпраўляць, вяртаюць — на руках у вязьня павінна быць не больш двух фатаграфій», — распавяла суразмоўца DW.

Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: