Літаратары пратэстуюць супраць зняволення Уладзіміра Някляева.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў прыняла заяву з нагоды арышту 21 сакавіка сябры Рады, паэта і празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Уладзіміра Някляева. Паводле нечай злой іроніі, яго арышт супаў са святкаваннем Міжнароднага дня паэзіі.
Вечарына памяці Вацлава Гавела, 2017 год. Фота Арцёма Лявы

Вечарына памяці Вацлава Гавела, 2017 год. Фота Арцёма Лявы



«Відавочным з’яўляецца той факт, што зняволенне Уладзіміра Някляева звязана з правядзеннем у Мінску 25 сакавіка святочных мерапрыемстваў у гонар 100-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Тым не менш, як стала вядома, афіцыйна Уладзіміру Някляеву інкрымінуецца “заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”, а менавіта – мінулагодняе інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”, дзе ён выказаў меркаванне, што “калі ёсць воля абараняць свае правы, трэба ісці і іх абараняць”. Нягледзячы на пратэсты грамадскіх арганізацый і праваабаронцаў, Уладзімір Някляеў быў прызнаны вінаватым і асуджаны да адміністратыўнага арышту, які органамі выканання прысудаў быў прымеркаваны да 100-годдзя беларускай незалежнасці», — адзначаецца ў заяве.

Беларускія літаратары выказваюць абурэнне дзеяннямі органаў унутраных спраў і заяўляюць, што «няволенне Уладзіміра Някляева наўпрост суаднесена з правам яго як грамадзяніна на выказванне сваёй пазіцыі, а такім чынам гэты арышт парушае адно з асноўных правоў чалавека, замацаваных у Канстытуцыі, — права на свабоду слова».

«Патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да Уладзіміра Някляева, неадкладна вызваліць яго з ізалятара, зняць несправядлівыя абвінавачанні, а таксама прыцягнуць да адказнасці тых службовых асобаў, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян», — гаворыцца ў заяве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-03-22 15:35:41
"Беларускія літаратары выказваюць абурэнне..." Пасля ТОГО. А чаго ж вы не пагаварылі з Уладзімірам Пракопавічам ДО ТОГО? Да абурэння.
  • ВР
  • 2018-03-22 16:08:56
Як бы асабіста я ні ставіўся да Някляева, заява слушная - калегаў трэба абараняць. Не паленаваўся, паглядзеў поўны тэкст і спіс падпісантаў тут: http://lit-bel.org/by/news/zajava-rady-ha-sajuz-bjelaruskix-pismjennikau.html Падпісалі 33 сябраў Рады СБП з 38 магчымых. Трохі шкада, што няма подпісу Святланы Алексіевіч, хоць яна і была выбраная ў Раду.
  • ВР
  • 2018-03-25 11:48:26
PS. Учора даведаўся, што С. Алексіевіч хварэе, не першы тыдзень лечыцца ў іншай краіне і на сувязь з Радай СБП пакуль не выходзіць.