Літоўская паліцыя пачала расследаванне «ў сувязі з захопам самалёта»

Намеснік генеральнага камісара паліцыі Літвы Арунас Паўлаўскас паведаміў журналістам на лётнішчы ў Вільні, што літоўская паліцыя распачала ў сувязі з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта Ryanair два дасудовыя расследаванні.


Расследаванні праводзяцца ў сувязі з захопам самалёта і ў сувязі з прымусовай пасадкай, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, сёння лайнер Boeing 737-8AS авіякампаніі Ryanair, пралятаючы над Лідай, нечакана змяніў курс і прызямліўся ў мінскім Нацыянальным аэрапорце. Манеўр быў выкліканы паведамленнем аб закладзенай на борце бомбе.

Самалёт ляцеў з Афін у Вільню. Не даляцеўшы да літоўскай мяжы літаральна некалькі дзясяткаў кіламетраў, борт накіраваўся ў бок Мінска, да якога ляцець значна даўжэй, чым да канчатковай кропкі — Вільні. Паведамляецца, што маршрут быў зменены па патрабаванні беларускіх дыспетчараў і ў «суправаджэнні» беларускага ваеннага знішчальніка Міг-29. Паводле звестак афіцыйных крыніц, асабіста Аляксандр Лукашэнка аддаваў загад аб пасадцы самалёта ў Мінску.

Бомбы на борце самалёта не знайшлі, затое знайшлі апазіцыйнага блогера і журналіста Рамана Пратасевіча, якога беларускія ўлады абвінавачвалі ў тэрарызме і кіраўніцтве масавымі пратэстамі ў Мінску праз тэлеграм-каналы. Пратасевіч затрыманы. Рэйс Ryanair вылецеў у пункт прызначэння праз сем гадзін перабывання ў Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: