Літоўскія памежнікі будуць выкарыстоўваць антыдроны на мяжы з Беларуссю і Расіяй

Памежнікі Літвы сталі выкарыстоўваць антыдроны на мяжы з Расіяй і Беларуссю. Пра гэта ў нядзелю паведаміла Балтыйская служба навінаў са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

ribalych.ru

«Закуплены тры прылады па спыненні палётаў беспілотных апаратаў. Прасцей кажучы, гэта антыдронавае абсталяванне», — сказаў прадстаўнік пагранведамства Літвы Гедрус Мішуціс.

Паводле яго слоў, антыдроны блакуюць сігнал кіравання беспілотніка, дазваляюць перахапіць і пасадзіць на зямлю беспілотны апарат.

Новая тэхніка пастаўлена на ахову мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ і Беларуссю. «Тут бывае больш за ўсё несанкцыянаваных палётаў. Беспілотнікі могуць незаконна выкарыстоўвацца для назірання за дзейнасцю літоўскіх структур, збору канфідэнцыйнай інфармацыі або ў кантрабандных мэтах», — адзначыў Мішуціс.

У 2018 годзе парламент Літвы зрабіў больш жорсткім рэжым аховы ваенных аб'ектаў і ваенных тэрыторый, забараніўшы несанкцыянаваны збор інфармацыі шляхам фота- і відэаздымкі, а таксама палёты беспілотнікаў. Служба аховы дзяржаўнай мяжы атрымала права на ўжыванне агнястрэльнай зброі ў дачыненні да неапазнаных беспілотных аб'ектаў на прымежнай тэрыторыі.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!