Літва: Беларусь не выканала 21 з 29 рэкамендацый па БелАЭС

Дзяржаўная інспекцыя атамнай бяспекі Літвы (VATESI) сцвярджае, што Беларусь не выканала 21 з 29 рэкамендацый паводле вынікаў стрэс-тэстаў на БелАЭС. Некаторыя з рэкамендацый не былі ўключаныя ў Нацыянальны план дзеянняў.


Літоўскае ведамства лічыць, што першы энергаблок БелАЭС павінен быць спынены да таго часу, пакуль не будуць выкананыя ўсе рэкамендацыі і вырашаны іншыя пытанні бяспекі, піша REFORM.by.

«Прадстаўнікі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнагляд), якія ўдзельнічаюць у ацэнцы плана дзеянняў па выкананні рэкамендацый па выніках стрэс-тэстаў, працягваюць заяўляць, што праведзеныя ў 2018 годзе стрэс-тэсты на БелАЭС не выявілі ніякіх недахопаў бяспекі ў праекце. Мы лічым такі падыход безадказным і недапушчальным», – гаворыцца ў паведамленні VATESI.

Літоўскі рэгулятар таксама не згодны з тым, што беларускі бок разглядае рэкамендацыі як неабавязковыя дадатковыя патрабаванні.

Літоўскае ведамства кажа, што беларускі бок «як мінімум часткова» выканаў 8 з 29 рэкамендацый, а 21 не выканаў. Пры гэтым некаторыя з рэкамендацый не былі ўключаныя ў Нацыянальны план дзеянняў. VATESI заяўляе, што астатнія рэкамендацыі важныя і павінны быць выкананы неадкладна. У прыватнасці, Літоўскага рэгулятара хвалююць рэкамендацыі, звязаныя з працай станцыі пры сейсмічным уздзеянні.

VATESI таксама нагадвае, што Беларусь дагэтуль не вырашыла іншыя ўзнятыя Літвой пытанні бяспекі, напрыклад, звязаныя з выбарам пляцоўкі для БелАЭС і ўстойлівасцю станцыі пры авіяцыйнай катастрофе.

«Так як выкананне рэкамендацый па выніках стрэс-тэстаў працягвае ігнаравацца і БелАЭС размешчана блізка да мяжы ЕС каля густанаселеных раёнаў, мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна выканаць усе рэкамендацыі. Гэта значыць, што пуск і эксплуатацыя першага энергаблока АЭС павінны быць спыненыя да тых часоў, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні бяспекі», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнай інспекцыі па атамнай бяспекі Літвы.

Нагадаем, 11 лютага рэзалюцыя аб бяспецы БелАЭС будзе абмяркоўвацца ў Еўрапарламенце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: