Лізе АМАПаўцы пашкодзілі шыйныя хрыбетнікі, а суд прызнаў вінаватай

18-гадовая Ліза 10 жніўня трапіла ў рукі АМАПу. Яна са сваім хлопцам гулялі ў цэнтры Гомля. Дзяўчыне пашкодзілі шыйныя хрыбеткі, яна цяпер праходзіць лячэнне. 28 жніўня суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — піша Радыё Свабода.
Ілюстрацыйнае фота. «Марш свабоды» у Гомлі, 16 жніўня. Радыё Свабода

Ілюстрацыйнае фота. «Марш свабоды» у Гомлі, 16 жніўня. Радыё Свабода

«Вечарам 10 жніўня мы з хлопцам пілі каву ў цэнтры, потым курылі ў дазволеным месцы, на скрыжаванні праспэкту Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай. Да нас падышоў АМАП; яны крычалі мацюкамі на нас, потым схапілі. Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся», — расказала Ліза.

Здзекі працягваліся і ў Савецкім РАУС, куды прывезлі затрыманых.

«У спартовай залі РАУС мяне паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. У мяне кружылася галава, балела сэрца. Але ніхто не рэагаваў на скаргі. Два апамаўцы вагой пад 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву», — дадала жыхарка Гомля.

Супрацоўнікі АМАП перадалі яе жанчынам-міліцыянткам. «Тыя раздзелі мяне дагала. Потым узялі мой тэлефон, прымусілі яго разблакаваць, глядзелі мае асабістыя здымкі і выдалялі іх, прычым часта мацюкаліся. Нас называлі „тварямі“ і ўсяляк абражалі», — апавяла Ліза.

А трэцяй гадзіне ночы яе адпусцілі. Дзяўчына зняла пабоі, прайшла судова-медыцынскую экспертызу і падала заяву ў Следчы камітэт. Выніку пакуль няма.

28 жніўня судздзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёну Гомля) разглядаў пратакол, складзены ў дачыненні Лізы супрацоўнікамі міліцыі. «Суддзя мне казаў, што мне не варта было хадзіць у цэнтар гораду, я мусіла гэта ведаць, бо я павінна глядзець тэлевізар, і там такое, маўляў, казалі, папярэджвалі. Таксама суддзя казаў, што ўсім, хто ходзіць на акцыі, плацяць грошы, і дзяўчатам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасці, плацілі па 60 рублёў...», — прыгадала дзяўчына.

Суддзя прызнаў яе вінаватай і вынес папярэджанне.

У Лізы дагэтуль праблемы са здароўем ад таго, што пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. Ёй кружыцца галава, яе часта ванітуе. Таксама яна звярнулася па дапамогу да псіхолага, бо перажыла моцны стрэс.

Здзекі перажыў і яе хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: