Ля прэзідыума Акадэміі навук прайшла сядзячая акцыя супраць гвалту (фота)

У абед 12 кастрычніка супрацоўнікі Акадэміі навук сідзячым пратэстам на прыступках прэзідыума сваёй установы выказаліся супраць эскалацыі гвалту ў краіне. У жніўні акцыі навукоўцаў праходзілі ў выглядзе ланцугоў салідарнасці. Гэтым разам сядзячай формай пратэсту вырашылі падтрымаць студэнтаў, якія ўжо некалькі тыдняў праводзяць такія акцыі ля сваіх універсітэтаў.

У Тэлеграм-чаце «Навукоўцы супраць гвалту» супрацоўнікі Акадэміі навук заявілі (друкуем у скарачэнні): «На жаль, назва нашай суполкі зноў становіцца актуальней за любыя іншыя задачы. 11 кастрычніка каля 500 чалавек было жорстка затрымана за рэалізацыю свайго канстытуцыйнага права на свабоду выказвання. 

Людзей білі на вуліцах, білі ў службовым транспарце, паведамляюць аб выпадках збіцця ў РУУС. Зноў пайшлі ў ход газ, вадамёты, гумовыя кулі і светлашумавыя гранаты. Больш за 40 чалавек трапіла ў лякарню толькі з мінскіх РУУС.Самае страшнае, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі – гэта падвысіць сваю талерантнасць да гвалту, прыняць такі ход падзей як належнае і працягнуць займацца сваімі справамі. Цяпер няма спраў больш істотных за жыццё і здароўе нашых суайчыннікаў. Цяпер няма і не можа быць чужой бяды».


У акцыі 12 кастрычніка ўдзельнічала каля 45 чалавек. Навукоўцы пачалі выходзіць на ланцугі салідарнасці з 13 жніўня. Бадай, самай крэатыўнай акцыяй стаў «дзень лазні», які прайшоў 28 жніўня: даследчыкі прыйшлі з ручнікамі, венікамі, у лямцавых шапачках і з плакатамі «Не адмыешся!», «Чыстая навука», «Ідзіце ў лазню!», «Мы на чыстым баку». На пачатку верасня было вырашана адмовіцца ад такой формы пратэсту, бо з прэзідыума ўстановы да пратэстоўцаў так ніхто ні разу і не выйшаў, былі спробы затрыманняў “ціхарамі”. Некаторыя інстытуты ладзілі ўласныя акцыі ў падтрымку затрыманых на агульнагарадскіх акцыях калег. Напрыклад, гісторыкі выходзілі, каб выказаць салідарнасць з Міколай Волкавым і Андрэем Мацуком.






Фота Алены Ляшкевіч









Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: