Ля «Варшаўскага моста» сабраўся натоўп уцекачоў з Чачні

Ля памежнага пераходу Варшаўскі мост, што ў Брэсце, сабраўся натоўп уцекачоў з Чачні.



Пра гэта паведамляюць сведкі з ліку жыхароў Брэста, якія знаходзіліся там прыкладна пасля поўдня.

Так, каля 15:00 па беларускім часе, на газоне ля ўезду на пераход заўважныя групы з некалькіх дзясяткаў людзей, якія проста сядзяць альбо стаяць. Па словах крыніцы, каля памежнага пераходу таксама знаходзіліся прадстаўнікі спецслужбаў Беларусі, консульства Расейскай Федэрацыі ў Брэсце, прадстаўнікі ўладаў сярод якіх экс-дэпутат мясцовага гарсавета Георгій Дарбуашвілі.

Таксама вядома, што чачэнцы дабіраюцца да пераходу на таксоўках, і машыны працягваюць іх падвозіць. Нагадаем, што Брэст з’яўляецца “канцавой кропкай” для імаверных эмігрантаў з Чачні і Грузіі перад мяжою з ЕС, куды яны спрабуюць дабрацца, каб атрымаць палітычны прытулак. З-за адсутнасці ў большасці з іх візаў, у такім прытулку звычайна каўказцам адмаўляюць.

Колькасць такіх спробаў трапіць у ЕС для тых, каму не пашанцавала, даходзіць да некалькі дзесяткаў. Увесь гэты час каўказцы жывуць у Брэсце. Імаверна,  што скапленне ля “варшаўкі” можа быць спробай трапіць у ЕС аўтадарогай, — лічаць сведкі падзеяў.





Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!