Лятучы ўніверсітэт абвяшчае набор на новы навучальны год

Да 10 кастрычніка прымаюцца заяўкі на курсы Лятучага ўніверсітэта першага семестра новага навучальнага года.

Да ўдзелу прапануецца шырокае кола тэмаў, з якімі працуюць беларускія інтэлектуалы, даследчыкі і практыкі. У гэтым годзе асноўны акцэнт будзе скіраваны на разуменне, аналіз і практычныя падыходы да сацыяльнага жыцця, інстытутаў і актуальных з'яваў, якія складаюць сучаснае беларускае грамадства.


У межах прапанаваных курсаў будуць прадстаўленыя розныя школы і метады аналіза, тэарэтычныя і практычныя падыходы, якія рэалізуюцца ў інтэлектуальным полі Беларусі: сацыяльная крытыка, рэфлексія, метадалогія, культурная палітыка ды інш.. Слухачы будуць мець магчымасць разабрацца з актуальнымі з'явамі  жыцця, зразумець іх карані і асвоіць метады мысленчай і практычнай дзейнасці. 



З 2016 года працуюць два ўзроўні адукацыі ў Лятучым універсітэце.  

 

Першы ўзровень: адкрытыя курсы для слухачоў Лятучага ўніверсітэта. Ён працуе як прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практык, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка. У першым семестры гэтага ўніверсітэцкага года  Лятучы ўніверсітэт прапануе наступныя курсы першага ўзроўню:



·        "Сучасная сацыяльная крытыка і аналіз" Ігар Падпорын

·        "Інстытуты мыслення: цыкл жыцця ідэй і іх функцыянаванне ў грамадстве" Уладзімір Мацкевіч

·        "Тэхнікі сімвалічнай інтэрпрэтацыі: грунт дыскурс-аналіза"  Аляксандр Сарна, Павал Баркоўскі

·        "Адкрытыя дадзеныя ў 7 пытаннях" Аліна Радачынская  

·        Тэорыя зменаў”: інстытуты, супольнасці і паўсядзённасць" Тацяна Вадалажская, Андрэй Ягораў

·        “Цывілізацыйная і культурная спадчына Візантыі" Алег Дзярновіч



Цягам года будуць працаваць некалькі семінараў, накіраваных на  распрацоўку ідэй, крытыку і абмеркаванне актуальных пытанняў і з'яваў. Аб семінарскіх сустрэчах будзе абвяшчацца асобна.

 

У мінулым годзе з'явілася дадатковая магчымасць адукацыі праз дыстанцыйную платформу Лятучага універсітэта (http://dp.fly-uni.org/). На ёй прадстаўленыя курсы Уладзіміра Мацкевіча, Ліліі Ілюшынай, Вольгі Орышавай, Ігара Бабкова, Галіны Русецкай, Тацяны Вадалажскай, Тацяны Мішаткінай, Ірыны Дубянецкай і Міхала Анемпадыстава. Там жа можна знайсці шэраг публічных лекцый па самых розных пытаннях: будучыня, паэзія, герменэўтыка, этыка, блокчэйн і г.д..

 

Другі ўзровень: школы Магістраў Гульні. Школы Магістраў Гульні ствараюць дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта, якая разлічана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў у шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі - беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі. Школы пачалі сваю працу з студзеня 2016-га і разлічаны на два з паловай гады (па травень 2018-га года). Яны ўжо сфармавалі свой шлях, стыль мыслення і адмысловую супольнасць. Але да некаторых з школ ёсць магчымасць далучыцца ў гэтым годзе. Для гэтага трэба падаць заяўку і прайсці сумоўе з кіраўніком школы.

Падрабязнасці праграмы — ГЛЯДЗІЦЕ ПА СПАСЫЛЦЫ.

 

 УМОВЫ:

·        Заяўкі прымаюцца да 10 кастрычніка.

·        Усе  заняткі бясплатныя  

·        Заняткі  будуць праходзіць па вечарох  у працоўныя дні

·        Па  дадатковых пытаннях можаце звяртацца па адрасе flyuniby@gmail.com    

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: