Лявон Халатран: Я адчуваю адказнасць за тых, хто цяпер сядзіць

Мінскі гарадскі суд 30 красавіка чакана пакінуў у сіле прысуд палітвязню Лявону Халатрану, а гэта значыць, што ў любы момант яго могуць забраць адбываць пакаранне — два гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, так званую «хімію». Мы паспелі сустрэцца з Лявонам і пагутарыць пра тое, як ён рыхтуецца да гэтага, што даў яму досвед у СІЗА і якой ён бачыць будучыню Беларусі.

«Сыну кажам, што тата хутка з’едзе»

Лявон знаходзіцца на ўмоўнай «волі» з 19 лютага, калі яму абвесцілі прысуд і вызвалілі ў зале суда да ўступлення яго ў сілу. Палітвязень падаў апеляцыю і чакаў яе разгляду, аднак цуду — змянення прысуду — не чакаў. Увесь гэты час — больш за два месяцы — Лявон жыў звычайным жыццём, бавіў час з сям’ёй, гутарыў з журналістамі. Аднак чым бліжэй было да дня разгляду апеляцыі, тым больш змрочна рабілася на душы. Цяпер Лявон жыве ў падвешаным стане: ён не ведае, у які момант яго забяруць на «хімію» і куды яго накіруюць яе адбываць. Але пакуль ён гаворыць, што ніяк не рыхтуецца да гэтага, не збірае рэчы — дый не ведае, што збіраць.

Лявон гаворыць, што хутка забыўся пра турму, цяпер гэта ўспрымаецца як нешта вельмі далёкае. Пра будучае пакаранне ён стараецца не думаць, хаця гэта складана, бо кожную раніцу даводзіцца прачынацца з думкай пра тое, ці правядзе ён сённяшні дзень з роднымі. Але ён стараецца трымацца роўна і спакойна.

Па-першае, я ведаю, што многія атрымалі яшчэ большыя тэрміны ў больш жорсткіх умовах. Па-другое, я ўключаю свайго даследчыка і думаю, наколькі гэта будзе цікава — сустрэцца з рознымі слаямі грамадства і новым досведам. А па-трэцяе, я хачу паказаць, што гэта не страшна. Вы хочаце парушаць закон — добра, мы падпарадкуемся, але потым вы за гэта адкажаце. Я паеду і прайду праз гэта — людзі і большае праходзілі.

У той жа час Лявон гаворыць, што адчувае сябе ўнутрана свабодным чалавекам. І падае сваё разуменне свабоды: гэта тады, калі кожны можа рабіць што хоча, калі гэта не прыцясняе свабоду іншых. Ахвяраваць сваёй свабодай ці проста аддаць яе — гэта таксама свабода выбару.


Сям’я Лявона падтрымлівае, але самае складанае — падрыхтаваць да будучага расстання маленькага сына Мікі.

— Ён яшчэ не разумее, хаця мы яму кажам, што тата хутка з’едзе. Але я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца з ім хаця б зрэдку бачыцца, — гаворыць суразмоўца.

«Супрацоўнікі СІЗА думалі, як будуць жыць у новых умовах»

Бацькі Лявона Халатрана — медыкі, але яны вельмі хутка зразумелі, што медыцынскую дынастыю ні Лявон, ні яго брат працягваць не збіраюцца. Таму хлопец з дзяцінства рабіў тое, што яго цікавіла. Да 2013 года ён шчыльна займаўся армянскай дыяспарай, але адчуў, што там няма куды расці, і стаў развіваць свой бізнес — быў уладальнікам бара «ДК» у Мінску, пазней — руін-бара «Ок 16».  

— Перманентна я не быў апалітычным, але ў мяне гэта супадала з грамадскім абвастрэннем. Мне не падабалася тое, што адбывалася, але я нічога не прадпрымаў. Проста стараўся абстрагавацца ад гэтага ўсяго, не хадзіць на датэрміновыя выбары. Натуральна, я заўжды кепска ставіўся да Лукашэнкі. У 2010 годзе я пайшоў на Плошчу, але мы своечасова адтуль сышлі. Потым хадзіў на маўклівыя акцыі пратэсту. Затым быў выбух у метро, усе ўпалі ў дэпрэсію, і на гэтым усё скончылася. На пратэсты ў 2017 годзе я не хадзіў — у мяне было маленькае дзіця, мне было не да таго. А летась я ўбачыў, колькі людзей уздымаюць галаву, адчувалася, што выраслі іншыя людзі.

Гэта і падштурхнула Лявона далучыцца да штаба Віктара Бабарыкі, з якім ён быў крыху знаёмы. Тады галоўнай мэтай было дажыць да выбараў, усе планы былі адкладзеныя на гэты час.

Але літаральна праз два дні пасля выбараў, 11 жніўня, Лявона затрымалі, і пра ўсе галоўныя падзеі гарачай восені 2020-га ён даведваўся, седзячы ў СІЗА на Валадарскага.

— У турме адчуванні мяняліся: ад вялікіх спадзяванняў да таго, што гэта ўсё вельмі доўга і складана, але па-іншаму не можа быць. А потым быў нейкі страх ад таго, што адбывалася, але ты ўсё роўна разумеў, што ўсё ідзе так, як павінна ісці. Калі я выйшаў, быў вельмі пазітыўна настроены і не разумеў, чаму многія навокал былі песімістычнымі, і цяпер я іх разумею, бо вельмі мала станоўчых навін у павестцы. Гэта дзіка стамляе яшчэ і таму, што вельмі шмат інфармацыі. У турме яе значна менш, і таму, напэўна, прасцей усё ўспрымаць, — разважае Лявон.  


Аб тым, што адбывалася на волі, можна было разумець і па паводзінах супрацоўнікаў СІЗА. Калі пратэсты былі масавымі, узгадвае Лявон, яны ішлі на кантакт са зняволенымі, а калі ўсё пачало сціхаць, то і яны пераставалі праяўляць інтарэс да вязняў.

— Там працуюць звычайныя людзі — не звяры, не садысты, яны проста робяць сваю працу, так у іх склалася жыццё. І калі было незразумела, чым гэта скончыцца, яны, напэўна, адчувалі нейкія эмоцыі і думалі, як будуць жыць у новых умовах. А потым, напрыканцы жніўня, у іх сталі правяраць тэлефоны, дапытваць на паліграфах, і яны сталі вельмі мала з намі размаўляць.

Пасля «Усебеларускага сходу» пачаліся рэпрэсіі

Суразмоўца заўважыў паралелі паміж тым, што адбываецца на волі і ў турме. Цягам восені, гаворыць Лявон, стаўленне з боку адміністрацыі да зняволеных «Валадаркі» было досыць роўным. Усё змянілася пасля «Усебеларускага народнага сходу», калі людзей пачалі ставіць на прафілактычны ўлік і прымяняць рэпрэсіўныя меры. Чым большыя рэпрэсіі на волі — тым больш жорсткія парадкі ўводзяцца ў СІЗА.

— Многія спачатку думалі, што, паводле прыкладу таго ж «Белага легіёна», папалохаюць і адпусцяць. Але, думаю, цяпер многія разумеюць, што ўсе амністыі і памілаванні завязаныя на адчуванні ўлад, што яны ўсё ўзялі пад кантроль. Натуральна, цяпер у іх такога адчування няма і ў бліжэйшы час наўрад ці з’явіцца, таму што крызіс занадта сур’ёзны.


Каб узяць сітуацыю пад кантроль, мяркуе Лявон, беларускім уладам давядзецца прыкласці шмат высілкаў і, магчыма, часткова ахвяраваць суверэнітэтам, ператварыўшы Беларусь у квазі-дзяржаву.

— Я не думаю, што Расія далучыць да сябе нас — сатэліт, які мае голас у ААН. Гэта дадатковыя санкцыі, міжнародны ціск — навошта ёй гэта? У выпадку, калі Лукашэнка будзе працягваць утрымліваць уладу, а Расія будзе за гэта плаціць і ўнутраны і міжнародны ціск не спрацуе, у нас будзе краіна з чыста намінальным суверэнітэтам. Я не бяруся рабіць прагнозы, але, калі людзей доўга трымаць у страху, самыя актыўныя будуць з’язджаць, гэта будзе моцна ўплываць на эканоміку, і ўсё гэта будзе вельмі дорага каштаваць як Беларусі, так і Расіі.

«Пуцін здрадзіў дзвюм самым блізкім мне краінам»

Палітвязень зазначае, што пратэст унутры Беларусі па-ранейшаму вельмі важны.

— Гавораць, што пратэст садзьмуўся, але ж мы гаворым толькі пра вулічны пратэст. Хацелася б мець нейкі план дзеянняў, які б аб’яднаў людзей. У прыватнасці, пратэст павінен быць бяспечным — калектыўныя забастоўкі, байкоты. Я думаю, можна прыдумаць дастаткова бяспечных дзеянняў, якія будуць працаваць супраць рэжыму.


Але ёсць тое, што і цяпер натхняе суразмоўцу. Гэта найперш тыя «партызанскія» акцыі, калі людзі працягваюць выказваць свой супраціў. А яшчэ — навіны, якія чарговы раз дэманструюць, што сістэма закопвае сама сябе.

— Эканоміка працуе па сваіх законах, якія нельга адмяніць, Лукашэнка і Пуцін не бессмяротныя, у нас вырастаюць новыя людзі, у нас ёсць інтэрнэт. Я не бачу, як гэта можна ўтрымаць, — прызнаецца Лявон.

На пытанне, ці адчувае ён нейкае расчараванне, Лявон адказвае, што ў яго ёсць велізарнае расчараванне ў Расіі.

— Я гавару па-руску, і, па факце, за кошт гэтага я — частка «рускага міру». Напэўна, гэта было відавочна, але хацелася верыць, што там ёсць хоць нейкая чалавечнасць. Але за 2020 год Пуцін здрадзіў дзвюм самым блізкім мне краінам: Арменіі і Беларусі.

Пра карысны досвед «Валадаркі» і кайф ад Беларусі

Вяртаючыся да часоў зняволення, палітвязень зазначае, што ўдзячны досведу «Валадаркі», хоць хацелася б правесці там значна менш часу, чым давялося.

Досвед у турме сведчыць, што ты здольны на большае і не ведаеш сваіх межаў, сваёй трываласці. У звычайным вольным жыцці, канешне, можна сябе абмяжоўваць. Сэнс у чым: калі ў цябе няма інтэрнэту (а ён займае вельмі шмат часу), ты робіш нешта іншае. Гэты час можна выкарыстоўваць больш эфектыўна. Нічога не мяняецца ад таго, што ты штосьці кудысьці не выклаў, не прачытаў чарговы арткул ці не паглядзеў 10 відэаролікаў. У турме можна было чытаць і ні пра што асабліва не думаць. Былі моманты, калі я думаў: «Клас, я чытаю кніжку! Калі б я яе яшчэ прачытаў?» Самаабмежаванні вельмі важныя для чалавека. Бо калі ў цябе заўжды ўсяго хапае і ты заўсёды ў камфорце, то перастаеш адчуваць жыццё і цаніць тое, што ў цябе ёсць.


Пасля вызвалення з «хіміі» Лявон плануе ўнесці ў сваё жыццё хаця б гадзіну-дзве ў дзень без тэлефона і інтэрнэту. Такі досвед у яго ўжо быў цягам апошніх месяцаў. У чаканні разгляду апеляцыі ён ездзіў у вандроўкі па Беларусі, завітаў на славутую Шчучыншчыну і ў Ліду, вельмі ўразіўся палацам Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку, пагасціў у Барысаве, паглядзеў касцёл у Зембіне, гуляў па лесе і бачыў сцежкі дзікоў.

Увогуле «кайфануў ад Беларусі» Лявон яшчэ ў мінулым годзе, калі з пачаткам пандэміі каронавіруса межы закрыліся і многія пачалі ездзіць па краіне. Таксама шмат гарадоў і мястэчак давялося наведаць падчас перадвыбарчых мітынгаў разам са штабам.

— Я не думаў, што ў нас ёсць столькі класных месцаў. Канешне, факт, што многія з іх занядбаныя, але нават у такім стане на іх цікава глядзець. І гэта нават часам лепш, чым калі б яны былі адноўленыя па прынцыпе дзеючай улады — са шклопакетамі і гэтак далей.

«Усё гэта ўжо было, проста пра гэта не казалі»


З побытавымі складанасцямі і абмежаваннямі ў зняволенні Лявону справіцца было даволі лёгка. Хоць не адразу атрымалася прывыкнуць да 18-меснай камеры, дзе на чалавека прыходзіцца 1,3 квадратныя метры.

— Потым прывыкаеш, а першая рэакцыя: «Пачакайце, гэта ўсё месца, больш няма? А дзе тут хадзіць, як увогуле існаваць, ты ж там цэлы дзень сядзіш?» Я ўпэўнены, што гэта супрацьзаконна. У КПК напісана: ніхто не можа ўтрымлівацца ва ўмовах, якія нясуць пагрозу жыццю і здароўю. Як можна ўтрымліваць чалавека, дзе няма дзённага святла, дрэнная вентыляцыя, пастаянна кураць — хіба гэта не шкодзіць здароўю? Ты бачыш усё гэта на ўласныя вочы і разумееш, што гэта за краіна. І калі цяпер людзі кажуць, маўляў, можа быць, не варта было дзёргацца, нармальна жылі. Не нармальна! (тут Лявон не стрымлівае эмоцый і лаецца. — НЧ) Так і сядзелі да гэтага: спачатку адны, потым сталі наркаманаў шчаміць (тых, хто праходзіць па «наркатычным» артыкуле 328. — НЧ), прымяняць да іх катаванні. Усё гэта ўжо было, проста пра гэта не казалі. І калі гэта нікога не тычылася, усё было «ў парадку». Я і сам часам думаю: «А можа, не трэба было? Сядзеў бы ў сваім бары, зарабляў бы грошы, нікога б не чапаў, мяне б не чапалі». Але потым кажу сабе: «Чувак, заткніся». Проста так створаны чалавек, ён пачынае сумнявацца.

Палітвязень не згодны з тым, што беларуская рэвалюцыя прайграла. Грамадства прымусіла ўлады паказаць усім, што закон у краіне не працуе, і цяпер пакрысе рэжым сам сябе закопвае. Але пратэст варта захоўваць і надалей.

«80% людзей можна выпусціць з турмы»

Разлука з блізкімі стала для Лявона сапраўдным выпрабаваннем.

— Я вельмі сумаваў па сыне. Першы раз кальнула, калі на Акрэсціна раніцай прынеслі кашу. Гэта была пшонка, а Мікі, мой сын, называе яе «жоўтай кашай». І я бяру гэтую кашу, і ўспамінаю сына… Але стараешся адкінуць гэтыя думкі, — узгадвае Лявон. — А яшчэ не ведаў, як пасля такога разрыву зменяцца адносіны ў сям’і. Гэта слала штуршком, каб яны трансфармаваліся. Для мяне гэта вельмі цікава.


Найлепшай падтрымкай для вязняў, гаворыць Лявон, былі лісты. Самымі чаканымі для яго былі лісты ад жонкі. А яшчэ вельмі ўзрушвалі пасланні, у якіх аўтар знаходзіў нешта агульнае са зняволеным з, так бы мовіць, «мінулага жыцця». Таксама заўжды было прыемна атрымаць перадачу.

— Прадуктамі заўжды можна было падзяліцца з сябрамі. Напрыклад, непалітычныя, хоць і жартам, але крыўдуюць, дый палітычныя, якія мала каму вядомыя, таксама, бо ім нічога не дасылаюць. Калі мне прыходзілі перадачы не ад сваякоў, то я, у асноўным, усё аддаваў на агульны стол.

А яшчэ вельмі ўмацоўвала адчуванне таго, што на волі нешта працягвае адбывацца.

— Калі я бачу, што людзі выходзяць, што яны не згодныя — значыць, мы не дарэмна сядзім.

За час зняволення Лявон зрабіў цікавае назіранне: на яго думку, адсоткаў 80 людзей можна выпусціць з турмы.

— Палітычных — проста выпусціць, астатніх адсоткаў 60 можна выпусціць пад падпіскі і са штрафамі, і толькі 20 адсоткаў, якія забілі ці скралі, можна пасадзіць. Напрыклад, «аліментшчыкі»: як можна пасадзіць чалавека, які не плаціць аліменты? Дык ён тады іх дакладна не заплаціць, — разважае суразмоўца.


Лявон Халатран верыць у змены ў Беларусі і ў тое, што сапраўдныя злачынцы неўзабаве адкажуць за свае ўчынкі. На пытанне, ці застанецца ён у Беларусі, калі тут нічога не зменіцца, Лявон адказвае:

— Я адчуваю адказнасць за тых, хто цяпер сядзіць, бо ў іх няма такой магчымасці, і калі я з’еду — гэта будзе досыць эгаістычна. Але таксама я не магу ахвяраваць інтарэсамі сваёй сям’і. Пакуль я не бачу нават верагоднасці, каб аддаць у беларускую школу сваё дзіця, я не хачу, каб ён нейкім чынам судакранаўся з ідэалогіяй гэтай дзяржавы. Таму я думаю, што буду прымаць рашэнне, калі выйду. І я вельмі спадзяюся, што да таго моманту нешта зменіцца.
 

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: