Лекары «хуткай дапамогі» патрабуюць павысіць заробак у два разы

Медыкі звярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў.



Зварот работнікаў хуткай медыцынскай дапамогі Менска размешчаны на сайце change.org. Пад ім ужо сабрана амаль 2 тысячы подпісаў.
 
 
У петыцыі ўтрымліваецца патрабаванне аб прыняцці закона «Аб хуткай медыцынскай дапамозе». Аўтары дакумента настойваюць на тым, каб у ім было пазначанае забеспячэнне бяспекі медыкаў, страхаванне ад няшчаснага выпадку падчас працы на сумы, якія дазваляюць правесці паўнавартаснае лячэнне і рэабілітацыю, а таксама сацыяльныя гарантыі.
 
 
Супрацоўнікі «хуткай дапамогі» таксама патрабуюць ўвесці забарону на працу па аднаму медыцынскаму работніку ў брыгадзе, бо гэта не дазваляе аказаць паўнавартасную дапамогу пацыенту і павялічвае рызыку агрэсіі ў дачыненні да работніка.
 
 
Таксама ў дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне аб павышэнні зарплаты, як мінімум, у два разы.
 
 
«Мы не забыліся, што ёсць такія паняцці як сумленне, абавязак, прафесіяналізм. Чаму мы павінны працаваць за такую зневажальна нізкую зарплату і ў такіх умовах?» - пытаюцца аўтары петыцыі.
 
 
Медыкі лічаць неабходным унесці змены ў Правілы дарожнага руху.
 
 
«Неабходна альбо ўстанавіць безумоўны прыярытэт машын хуткай медыцынскай дапамогі з уключанымі спецсігналамі і ўзмацніць жорсткасць меры пакарання ў дачыненні да асоб, якія перашкаджаюць праезду хуткай дапамогі пры ўключаных спецсігналах, альбо пазбавіць хуткую дапамогу перавагі на дарозе», - пішуць яны.
 
 
Петыцыя адрасаваная Лукашэнку і міністру аховы здароўя Васілю Жарко.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: