Любімую не аддаюць. Ліквідацыя «Радзіславы» азначае, што жанчыны будуць паміраць

На фоне татальнага знішчэння трэцяга сектара ў Беларусі можа падацца, што гэта проста чарговая ліквідацыя, нічым не прыкметная. Але ёсць такія арганізацыі, якія выконваюць задачы экстраных служб. І вось іх знікненне — гэта катастрофа не ў далёкай перспектыве, а проста зараз, піша на «Свабодзе» Наста Захарэвіч.

З мінулага жніўня ў Беларусі часта праводзяць аналогію паміж паводзінамі Лукашэнкі і хатнім гвалтам. Мы сказалі і паказалі, што сыходзім, а агрэсар адмаўляецца гэта прымаць і сілай вымушае быць разам. Цяпер жа, ліквідуючы грамадскае аб’яднанне «Радзіслава», якое шмат гадоў дапамагала жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, так званыя ўлады паказваюць, што мы ўсё правільна зразумелі і зрабілі правільныя параўнанні. Яны не могуць дапусціць, каб нават на сямейным узроўні пацярпелыя маглі сыходзіць. Што ўжо казаць пра ўзровень цэлай краіны?

І гэта, вядома, катастрофа.

На фоне татальнага знішчэння трэцяга сектара ў Беларусі можа падацца, што гэта проста чарговая ліквідацыя, нічым не прыкметная. Але я ўсё ж дазволю сабе праранжыраваць недзяржаўныя арганізацыі. Не паводле важнасці для грамадства, не! Усе яны, безумоўна, важныя, і для паўнавартаснага развіцця нам трэба, каб былі НДА ва ўсіх сферах. Але ўсё ж варта прызнаць, што ёсць такія арганізацыі, якія выконваюць задачы экстраных служб. І вось іх знікненне — гэта катастрофа не ў далёкай перспектыве, а проста зараз.

Гэта як параўноўваць знішчэнне бібліятэк і лякарняў. Пры ўсёй павазе да літаратуры і пры ўсім разуменні, якую важную ролю яна адыгрывае ў гісторыі народаў, відавочна, што ў крытычных сітуацыях нам патрэбныя найперш медыкі. Гэтак жа і з НДА — для грамадства вельмі патрэбныя і адукацыйныя, і напаўзабаўляльныя ініцыятывы, але каб было каго адукоўваць і забаўляць, трэба, каб людзі выжывалі.

І тут ужо не да метафар і прыгожых аналогій, бо ліквідацыя «Радзіславы» азначае, што жанчыны будуць паміраць.

У сховішча арганізацыі траплялі тыя, каму больш не было куды ісці, каб схавацца. І не, дзяржаўныя прытулкі — не выйсце. Я асабіста ведаю як мінімум адну гісторыю, як у прытулак «Радзіславы» засялілася жанчына пасля дзяржаўнага сховішча, куды змог увайсці яе муж, ад якога яна збегла. Таксама я памятаю гісторыю, як міліцыянты не ведалі, што з іх апорнага пункта ёсць дзверы наўпрост у такое сховішча.

І куды цяпер ісці жанчынам? Забіваць сябе, пакуль не забіў той, хто калісьці кляўся ў вечным каханні? Ці пакуль не забіў уласны сын? Краіна для жыцця, што тут скажаш.

Колькасць самагубстваў і забойстваў і праўда, хутчэй за ўсё, папоўніцца «сямейнымі гісторыямі», але на афіцыйным узроўні гэта праігнаруюць і дакладна не будуць звязваць са знішчэннем недзяржаўнай арганізацыі. Гэта будзе статыстычная хіба, нявартая ўвагі людзей, якія пасадзілі на дзесяць гадоў сведку забойства Генадзя Шутава, збілі да смерці Рамана Бандарэнку і трымаюць у СІЗА Ксенію Луцкіну, у якой расце пухліна галаўнога мозгу. Для іх некалькі забітых сваякамі жанчын — звычайная «бытавуха». Маўляў, не трэба драматызаваць, нагадваючы, што кожнае такое забойства — гэта трагедыя, якой можна было пазбегнуць, і што кожная жанчына мусіць мець абарону з боку грамадства і дзяржавы.

А тым, хто дагэтуль любіць задаваць пытанне «Чаму ж яны не сыходзяць?», я хачу нагадаць, што беларускае грамадства пачалі масава збіваць і катаваць акурат пасля таго, як мы заявілі, што хочам сысці ад Лукашэнкі. Людзі, якіх цікавіць выключна ўлада і кантроль над сітуацыяй, такога не прабачаюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: