Любоў Санкевіч адмовілася дапускаць у кватэру судовага выканаўцу

Жыхарка Бабруйска актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Любоў Санкевіч адмовілася дапускаць у кватэру судовага выканаўцу з мэтай апісання маёмасці для аплаты адміністрацыйных штрафаў за несанкцыянаваныя пікетаванні.



За гэтыя акцыі на сталічнай плошчы Свабоды, што адбыліся 31 сакавіка і 12 траўня, 65-гадовая жанчына, памер пенсіі якой складае 290 руб., двойчы пакараная суддзямі Наталляй Вайцяховіч і Таццянай Тарабуевай агулам на 50 базавых велічынь — 1050 руб.

За дапамогай у аплаце штрафаў пенсіянерка пісьмова звярталася да кіраўніцтва краіны, у Бабруйскі гарвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам, аднак безвынікова. Трэба зазначыць, што грамадская актывістка дапамагае сыну выхоўваць дзвюх унучак, бо іх маці, на жаль, адышла ў лепшы свет.        

Як паведаміла Любоў Санкевіч НЧ, днём 21 лістапада ў дзверы яе кватэры пазванілі, хоць уваход у пад’езд шматкватэрнага дому, дзе пражывае грамадская актывістка, абсталяваны запорнай прыладай. Высветлілася, што з мэтай апісання маёмасці для аплаты штрафаў у кватэру спрабавала ўвайсці судовы выканаўца суду горада Бабруйска і Бабруйскага раёну Юля Ткачук.

«Аднак я адмовілася адчыняць дзверы Юле Ткачук і нагадала пра нашую размову двухтыднёвай даўніны, калі папярэдзіла судовага выканаўцу пра тое, што не дапушчу ў сваю кватэру анікога з чыноўнікаў, нават з супрацоўнікамі міліцыі. Бо ўся мая маёмасць на мне і на чым я сплю», — заявіла Любоў Санкевіч. Яе размова з судовым выканаўцам праз дзверы цягнулася не больш за 10 хвілін.

Нагадаем, што былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Любоў Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 гадоў і ў 2001 годзе была звольнена «за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай». Трэба мець на ўвазе, што 11 з паловай гадоў у Любові Санкевіч былі выключна падзякі за добрасумленную працу. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы на заводзе.  

Пятнаццаць гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне неабгрунтаваным і незаконным. Пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.  

У свой час жанчына паверыла галаве дзяржавы, які заклікаў грамадзянаў Беларусі беражліва адносіцца да дзяржаўнай маёмасці і змагацца з карупцыяй. Вось чаму яна і пачала выкрываць недахопы на прадпрыемстве і менавіта за гэта, на яе меркаванне,  была звольнена з працы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: