«Любы нармальны чалавек – антыфашыст» (фота, відэа)

«Я яго вельмі люблю. Мы з мужам выхавалі дастойнага сына, прыстойнага чалавека і грамадзяніна нашай краіны». Гэта словы Раісы Валавік, маці антыфашыста Іллі Валавіка, асуджанага на 10 гадоў зняволення па сфабрыкаванай справе.

Ілля Валавік

«Буду змагацца за яго да апошняга»

Іллю Валавіка асудзілі ў сакавіку 2017 года на 10 гадоў узмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў хуліганстве і кіраванні незарэгістраванымі арганізацыямі (фанацкімі суполкамі). Справу на хлопца завялі праз два гады пасля сутычкі з футбольнымі фанатамі, у якой Ілля нават не ўдзельнічаў...

Ілля знаходзіцца за кратамі ў Магілёўскай калоніі ўжо два гады. Яго сябры стварылі сайт у падтрымку таварыша valavik.com, а днямі прэзентавалі ў Мінску фільм «Партрэт беларускага антыфашыста. Ілля Валавік». Ён паказвае Іллю як асобу, змагара, моцнага духам чалавека, добрага бацьку і сына.

Ілля з дзяцінства быў актыўным дзіцём, таму ў 6 год яго аддалі ў секцыю каратэ-до. Потым было кантактнае каратэ, кікбоксінг...

«У яго было абвостранае пачуццё справядлівасці па жыцці. Ён пастаянна мусіў кагосьці абараняць, — распавядае ў фільме Раіса Валавік. — Гэта чалавек, які не пройдзе міма мамы з вазком, сталага чалавека, суседзяў з торбамі, каб не дапамагчы».

Раіса Валавік

Але калі ішло следства, да спадарыні Раісы даводзілі, што яна не ведае свайго сына. Ды толькі хто, як не маці, ведае сваё дзіця, якое дзялілася з ёй усімі сваімі поспехамі і няўдачамі? Нават з бацькам, ваенным чалавекам, ён не ўсім мог падзяліцца, а перад маці не саромеўся паказаць слёзы.

Але 3 кастрычніка 2017 года сэрца бацькі Іллі, спадара Ігара, спынілася. Маці кажа — ад перажыванняў за сына. Яму было ўсяго 55 гадоў.

Ілля вельмі цяжка перажывае сыход бацькі. Яго нават не пусцілі на развітанне з ім, і адзінае, што засталося хлопцу, — гэта лісты і паштоўкі, напісаныя татам. Але гэта не ўсе страты, якія зведала сям’я Валавікоў. За час, што хлопец знаходзіцца ў зняволенні, адышлі ў іншы свет і дзве яго цёткі ды любімая бабуля, якая была для яго сапраўдным сябрам.

«Я не хачу казаць, што Ілля быў белы і пухнаты. Але здарылася так, што «спадары харошыя» маю сям’ю знішчылі, і цяпер знішчаюць сям’ю сына», — кажа ў фільме Раіса Валавік.

Чытайце таксама: Маці Іллі Валавіка: «Я не ведаю, як дапамагчы сыну»


Але маці спадзяецца, што сітуацыя пераменіцца, і яе сына выпусцяць. Бо без яго нарадзілася і расце яго дачка Глорыя.

«Я падтрымліваю сына ва ўсіх яго справах. Я яго люблю і буду змагацца за яго да апошняга, на колькі хопіць моцы і чалавечага здароўя. Я ганаруся, што ён у нас такім вырас».

Пазней спадарыня Раіса распавяла «Новаму Часу», што фізічнае здароўе сына, якое ўзімку выклікала перасцярогі, палепшала, псіхалагічны стан таксама прыйшоў у норму. У зняволенні Ілля паверыў у Бога. Праўда, да нядаўняга часу яму забаранялі наведваць царкву, але цяпер забароны знятыя.

Ад перадачы да перадачы

Жонка Алёна ў фільме распавядае, што Ілля спадабаўся ёй, бо не меў шкодных звычак, спартсмен, захапляўся гісторыяй.

Чытайце таксама: «Хочаш, каб твая жонка нарадзіла ў турме?..»


Але калі здарылася бяда, многія адвярнуліся ад яе мужа, таму што ён нібыта на наступны дзень пасля затрымання пачаў даваць паказанні. Але ж ніхто не ведае, якія паказанні і ў якіх умовах ён даваў, перакананая Алёна. Пазней муж распавёў, што яго прывезлі пад вокны радзільні, дзе Алёна ляжала на захаванні цяжарнасці, і паказалі пастанову аб яе затрыманні: нібыта на яе была заведзеная крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі. Пагражалі, што Алёна будзе нараджаць у турме, калі ён не падпіша, што трэба… Ён мусіў гэта зрабіць, а ўжо на судзе часткова прызнаў віну толькі па эпізодзе з бойкай, бо быў у тым раёне фізічна, але нічога не рабіў. Абвінавачванне ў кіраванні незарэгістраванай арганізацыяй не прызнаў цалкам.

Так ці інакш, Алёна нарадзіла дачку на волі, цяпер гадуе яе і жыве, як кажа, «ад перадачы да перадачы». Уручыць іх можна падчас спатканняў: два разы на год дазваляюць доўгія — па 2 – 3 дні, тры разы на год — кароткія. Калі толькі не пазбаўляюць права на спатканне за якую-небудзь «правіну». Алёна пакуль знаходзіцца ў дэкрэце, і таму збіраць наступную перадачу для мужа пачынае амаль адразу пасля спаткання: калі купляеш усё пакрысе, за некалькі месяцаў, атрымліваецца не так накладна.

Страх «майдану»

У фільме сябры распавядаюць, што Ілля — лідар па прыродзе, чалавек з характарам, які не адступаўся ад сваіх перакананняў. «Любы нармальны чалавек па сваёй сутнасці — антыфашыст», — зазначаюць яны.  

Яны перакананыя, што прысуд Іллю і астатнім антыфашыстам — гэта выключна палітычная справа.

«Не трэба думаць, што мая хата з краю і вас гэта абміне. Такая сітуацыя можа здарыцца з любым чалавекам у дзеючай дзяржаўнай сістэме», — дадаюць паплечнікі Іллі Валавіка.

Падчас кінапаказу

Падчас кінапаказу

Сяргей Гур жыў у адным пад’ездзе з Іллём з пачатку 1990-х гадоў. Ён бачыў, як хлопец рос, гуляў з ім у футбол. У 2009 годзе Сяргей стаў трэнерам Іллі па кікбоксінгу. Ён перакананы, што нехта ў дзяржаўным апараце памыліўся, палічыўшы яго небяспечным для грамадства. А Ілля проста аказаўся ў не той час не ў тым месцы. Бо яго гадаванец ніколі не хуліганіў і пазбягаў канфліктаў, нават калі яго правакавалі. Гэта глупства — даваць чалавеку 10 гадоў за адно разбітае шкло, кошт якога склаў менш за адну базавую і якое было двойчы аплочана, лічыць трэнер.

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

«Усе крымінальныя справы, якія МУС жадае навесіць на актывістаў, былі закрытыя, але па загадзе ГУБАЗіКа былі адноўленыя, — распавядае адзін з аўтараў фільма пра Іллю Валавіка Вячаслаў Касінераў. — Дзясяткі антыфашыстаў былі затрыманыя, адбыліся дзясяткі ператрусаў. Лідары руху прынялі на сябе найбольшы ўдар, і гэта тое, што напаткала Іллю Валавіка. Рэжым дамогся таго, каб знішчыць любую пратэстную актыўнасць. Потым гэта дапоўнілі антыдармаедскія дэкрэты, і масавыя выступленні людзей спарадзілі велізарныя тэрміны для антыфашыстаў — замест пары гадоў ім далі па 10 – 12. Страх «майдану» прымусіў дзяржаву пайсці на такія жорсткія рэпрэсіўныя меры».

Аўтары фільму — іх усяго некалькі чалавек — перакананыя, што прысуды антыфашыстам — гэта ўдар сістэмы па пасіянарных людзях, якія былі гатовыя да актыўных дзеянняў.


Фільм «Партрэт беларускага антыфашыста. Ілля Валавік» пакажуць у некалькіх беларускіх гарадах, а пасля выкладуць у сеціва. Пакуль жа той мінімум, які можа зрабіць кожны з нас, — пісаць палітвязням лісты, падтрымліваць маральна і матэрыяльна іх і іх сем’і.

Ілля Валавік вельмі радуецца лістам падтрымкі, для яго гэта вельмі важна. Лістуйце яму на адрас: Магілёў, Слаўгарадская шаша 183, ПК -15, атрад 11, 212013. Валавіку Іллю Ігаравічу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: