Любы праект мемарыялізацыі Курапатаў павінен узгадняцца з грамадскасцю

Пра гэта гаворыцца ў лісце вядомага беларускага жывапісца, былога старшыні творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзя Драздова да міністра культуры Юрыя Бондара.
Генадзь Драздоў нагадвае, што ў 2017 годзе Мінкультуры абвесціла конкурс на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў. Адбылося паседжанне журы, якое выбрала тры мастацкія аб’екты з умовай іх далейшай дапрацоўкі. Мастака цікавіць: хто ўваходзіў у склад журы і па якіх крытэрыях вёўся адбор працаў? Бо, на погляд творцы, выбраныя кампазіцыі не адпавядаюць сутнасці і маштабу трагедыі, а таксама не маюць адпаведных мастацкіх вартасцяў.

На меркаванне аўтара ліста, трэба правесці другі тур конкурсу, прычым такім чынам, каб шырокая грамадскасць магла ўплываць на вынікі конкурсу і далейшы працэс мемарыялізацыі Курапатаў. Бо ў Курапатах існуе Народны мемарыял, створаны беларускай грамадскасцю, і любы новы праект павінен узгадняцца з беларускай грамадскасцю, падкрэсліваецца ў лісце.

Яго аўтар закранае і пытанне пра сённяшнюю сітуацыю каля месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты, што атрымала статус нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння ў 1993 годзе. Тады Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зацвердзіла скарочаныя (у параўнанні з вызначанымі навукоўцамі) межы помніка. Пастановай Міністэрства культуры ад 10 красавіка 2003 года Курапаты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым, Мінкультуры нічога не зрабіла для выканання прадстаўлення Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года і кантролю за яго выкананнем. Як вядома, гэтае прадстаўленне зафіксавала парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў, калі СТАА «БелРэстІнвест» самавольна і незаконна ўзвяло ў недатыкальнай ахоўнай зоне ўрочышча з яго заходняга боку шэраг новых пабудоў аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай «Бульбаш-хол», дзе зараз месціцца рэстаранна-забаўляльны комплекс «Поедем поедим».

Замест выканання прадстаўлення Генпракуратуры ад 27.11.2012 года Мінкультуры незаконна звузіла мяжу ахоўнай зоны каштоўнасці з яе заходняга боку такім чынам, каб усе пабудовы аб’екту прыдарожнага сервісу апынуліся па-за межамі ахоўнай зоны.

На меркаванне Генадзя Драздова, Мінкультуры нясе юрыдычную і маральную адказнасць за напружанасць вакол Курапатаў, бо будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу каля нацыянальнага некропалю ёсць знявага памяці нявінных ахвяраў сталінізму.

У інтэрвью НЧ аўтар ліста выказаў сваё бачанне, як зняць напружанасць ля Курапатаў.
Ён лічыць, што ўладальнікам рэстарацыі «Поедем поедим» лепей за ўсё як мага хутчэй пакінуць гэтую тэрыторыю і, такім чынам, выканаць аднагалоснае рашэнне чыноўнікаў на нарадзе ў Мінаблвыканкаме 27 снежня 2012 году па выніках разгляду прадстаўлення Генеральнай пракуратуры ад 27 лістапада 2012 года. Тым больш, што ўздоўж МКАД шмат месцаў, дзе можна размясціць рэстарацыю.

Паводле Генадзя Драздова, у гэтай справе бізнесоўцам можа дапамагчы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што павінна каардынаваць дзейнасць у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў названай галіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-07-19 12:11:57
"Выявілася, што было пададзена звыш трыццаці праектаў, а журы папярэдне выбрала тры. Не будучы сябрам журы, магу выказацца без дыпламатыі: cлабавата… I наўрад ці адлюстроўвае маштабы трагічных падзей у сталінскай БССР. Другі варыянт, напрыклад, – амаль копія хатынскага звона. Адносна прымальны першы варыянт, калі яго трактаваць як браму паміж жыццём і іншасветам, дапоўніць гукавым суправаджэннем, пра якое расказаў Марат Гаравы тутака: http://novychas.by/hramadstva/ales-razanau-u-kurapatah-music-huczac-stukat-czal" (фрагмент адсюль: http://belisrael.info/?p=15532)
У мастака Андрэя Дубініна таксама ёсць цікавыя ідэі наконт таго, як увекавечыць памяць ахвяраў у Курапатах. Сачыце за публікацыямі на belisrael.info.
  • Віктар
  • 2018-07-23 23:22:26
Ня трэба ніякіх другіх тураў! Удзел дзяржавы ўвогуле не патрэбны (але нават і небясьпечны). Даўно ясна, што пад выглядам "дзяржазўнай мэмарыялізацыі" плянуецца зьнішчэньне Народнага Мэмарыяла. Таму - рукі прэч ад Курапатаў!