Людзі, а не сіндромы

У Мінску 26 верасня адбылася прэм'ера фільма Сяргея Ісакава і Леаніда Дынерштэйна "Хто апошні?" — кінагісторыі ўнікальнага сямейнага тэатру "і", у якім граюць дзеці з аўтызмам.

Перад пачаткам прагляду прадзюсер тэатра "і" Леанід Дынерштэйн давёў, што стужка — гэта вынік паўтара гадоў "падглядвання" за актыўнасцю дзяцей. Здымачная група, фактычна, маніторыла жыццё тэатра і ягоных герояў, а што атрымалася — тое і легла ў аснову.


Ірына Пушкарова, мастацкая кіраўніца тэатра "і", адзначыла, што гэты фільм не толькі аб тэатры і акторах, але і аб складанай тэме аўтызма, а таксама падзяквала шматлікім спонсарам і партнёрам: Палацу ветэранаў, кампаніі velcom, платформе "Імёны", кампаніям IBA-group і Белрасстрах, а таксама бацькам дзяцей-актораў і самім дзецям. Пры гэтым яна зазначыла істотны момант у дзейнасці тэатра: не дзяліць дзяцей на асаблівых і звычайных. "Гэта прынцыповая пазіцыя", — дадала яна.

Ірына Пушкарова — злева.

Ірына Пушкарова — злева.

Трохі менш чым паўтарыгадзінны фільм паказваў гісторыю тэатра "і" праз прызму ягоных асобных удзельнікаў. Гэта Кастусь з сіндромам Аспергера (разлад асобы аўтыстычнага спектра, які характэрызуецца складанасцямі ў невербальнай камунікацыі і эмпатыі, — прым.аўт), якога Ірына Пушкарова назвала дарослым чалавекам у дзіцячай абалонцы.

Макс, зусім малады мастак, які афармляў спектаклі тэатра "і". Хлопчык, які раней няспынна трымаўся за чыюсьці руку, зараз выходзіць на сцэну адзін, і самастойна іграе сваю ролю.


Улада — дзяўчына, якая з цяжкасцю магла нават размаўляць і першы час стасавалася з навакольнымі толькі з дапамогай малюнка. Праз паўгады старанай працы ў тэатры яна пачала раскрывацца як чалавек і праяўляць сяброўскія, сацыяльныя рысы характару.


Міша, які на пытанне "ці можна з табой паразмаўляць?" адказваў "не", і не хацеў нават заходзіць у будынак тэатра з-за паху цыгарэт. Зараз ён іграе ў тэатры разам з астатнімі. У хлопчыка фенаменальная памяць: тэкст для ролі на ангельскай мове і латыні ён запомніў з першага чытання.


Аднак не ўсё, канешне, так проста, як падаецца з экранаў. Стваральнікаў фільма і, па сумяшчальнасці, педагогаў-псіхолагаў, не абмінулі цяжкасці. Яны не хаваюць, што на дзяцей з аўтызмам нярэдка прыходзіцца выдаткоўваць больш часу, сіл і нерваў, "каб яны заставаліся ў рамках". Але ў гэтым увесь сэнс працы з такімі дзецьмі.

Лепш за ўсіх, бадай, ідэю стужкі і ўсёй працы калектыву тэатра выразіла Ірына Пушкарова ў адной са сваіх прамоваў у фільме:

"Я ведаю што можа тэатр. Ён можа прымусіць глядзець на дзяцей з аўтызмам іншымі вачыма. І не толькі на дзяцей, на дарослых людзей. Прымусіць пабачыць што гэта таксама людзі".

Па заканчэнню фільма ўвесь калектыў яго стваральнікаў разам з адным з маладых актораў выйшаў перад аўдыторыяй. Апладысменты, шчырая цікаўнасць, пытанні глядачоў і падбадзёрванні з залі стваралі натхняльную атмасферу. Адчувалася, што тут сабраліся людзі, якія здольныя суперажываць і не абыякавыя да праблемаў непадобных да іх людзей.


Стваральнікі і героі фільма

Стваральнікі і героі фільма


Людзі з аўтызмам, як і іншыя "нябачныя" катэгорыі людзей — часта непрыемныя для грамадства і нязручныя, недарэчныя для дзяржавы. Як бюракратычная машына, яна імкнецца іх класіфікаваць, упарадкаваць, падзяліць па катэгорыях і аказаць стандыртызаваную дапамогу, у той час як ім патрэбныя проста любоў, чалавечае цяпло і ўвага, якую цалкам у сілах даць энтузіясты — калі ім проста не замінаць.

І падаецца, што чым болей ствараюцца ініцыятыў кшталту тэатру "і", а таксама фільмаў кшталту гэтага, тым хутчэй паразуменне, павага і прыняцце перастануць быць адарванымі ад жыцця паняццямі, а стануць штодзённай практыкай нашага побыту.

Даведка: Аўтызм – псіхічны разлад, абумоўлены парушэннем развіцця галаўнога мозгу. Праяўляецца ў складанасцях з сацыяльнай камунікацыяй, няўменні распазнаваць і праяўляць эмоцыі, затрымках развіцця.  Меркавана, мае генетычную прыроду.
У ЗША ў 2011-2012 гадах разлады аўтыстычнага спектру выяўленыя ў 2% школьнікаў. У Беларусі, па дадзеных РНПЦ псіхічнага здароўя, колькасць такіх дзяцей складае 0,6-1% ад агульнай колькасці дзяцей школьнага ўзросту. Адзначаецца, што з 100 паднаглядных дзяцей з аўтызмам у 18 бацькі знаходзяцца ў разводзе, а многія таты, сутыкнуўшыся са складанасцямі, пакідаюць сем'і. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-09-27 13:27:55
Дзякуй, цікава. Яшчэ пра тэатр "І": http://belisrael.info/?p=16264