Людзі: «Адхіліце ад працы настаўнікаў, бо страцілі давер». Чыноўнікі: «Няма падстаў»

У канцы жніўня жыхары Жлобіна адправілі зварот адразу ў некалькі інстанцый з патрабаваннем адхіліць ад працы многіх настаўнікаў і дырэктараў школ, бо «страцілі да іх давер». Усе адрасаты далі адказ, паведамляюць "Моцныя навіны".

Самым апошнім даслаў адказ на ліст Жлобінскі райвыканкам. Падпісаны намеснікам старшыні Валянцінай Няхай, складзены — начальнікам аддзела адукацыі Аляксандрам Салаўёвым. Зварот людзі адпраўлялі паасобку ў кожную інстанцыю, а атрымалі адзін адказ.

Прыводзім вытрымкі.

"Жлобінскі раённы выканаўчы камітэт ацэньвае педагогаў зыходзячы з іх прафесійных і арганізатарскіх здольнасцяў. Штогод вынікі працы сістэмы адукацыі раёна сведчаць, што ў школах працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія дамагаюцца вынікаў і адданыя сваёй прафесіі.
У сувязі з выкладзеным, падстаў для выканання вашых патрабаванняў не маецца"


— Шчыра кажучы, мы не здзіўлены, — каментуюць лісты жлобінцы. — Яны ж нават не ўніклі ў сутнасць патрабавання. Нават і не збіраліся! Уся іх дзейнасць — суцэльная адпіска!

Трохі адрозніваецца ад папярэдняга лісты адказ дэпутата Ігара Волкава. Акрамя адсылак да артыкулаў у паведамленне дададзена трохі асабістага. Гэта і падаем.

"Напрыканцы паведамляю, што я кіраваў аддзелам адукацыі, спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама ў перыяд з 2014 па 2018 гады. У 2017 годзе гэты аддзел стаў лепшым у Гомельскай вобласці. І сёння ён займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Ведаю асабіста кожнага кіраўніка, гэта прафесіяналы сваёй справы. Менавіта дзякуючы педагогам Жлобіншчыны нашы дзеці лепшыя: па выніках ЦТ, у алімпіядным руху і многім іншым.

Я чвэрць стагоддзя адпрацаваў у галіне адукацыі, увесь перыяд сваёй працоўнай дзейнасці я ствараў і нічога не разбураў.

У гэтай сувязі я не падзяляю Вашу кропку гледжання, мала таго, я яе не падтрымліваю».

— Мы не шкадуем аб тым, што выказвалі такія патрабаванні, а наадварот, толькі пераконваемся ў іх правільнасці, — працягваюць казаць жлобінчане. — У школах аказваюць ціск на нашых дзяцей. Я практычна кожны дзень хаджу да дырэктара школы на прафгутаркі. Ведаеце чаму? Таму што маё дзіця пасля абвешчанай ацэнкі за кантрольную — восем балаў — адказаў у знак падзякі настаўніку "Жыве Беларусь". І што ў гэтым дрэннага? Я не разумею. Чаму іх так карабаціць ад гэтага. Гэта ж выдатна, што наша краіна жыве! А ім, мабыць, хочацца чуць, што Беларусь памірае, ці як? Я не разумею.

Асаблівае меркаванне склалася ў гараджан пасля чытання адказу губернатара вобласці. Генадзь Салавей на ўсялякі выпадак нагадаў жыхарам Жлобіна аб зацверджаных выніках выбараў прэзідэнта.

"Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на пасяджэнні 14 жніўня 2020 г. зацверджаны вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 г.: Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абраны Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч. Пытанні падвядзення галасавання, абскарджання дзеянняў або рашэнняў выбарчых камісій, а таксама аспрэчванні вынікаў выбараў рэгулююцца нормамі выбарчага заканадаўства, у адпаведнасці з якімі дадзеныя спрэчкі правамоцныя разглядаць Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь».

Далей Генадзь Салавей спасылаецца на артыкул 49 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім фармуецца парадак адхілення работніка ад працы, і робіць заключэнне: "падстаў для адхілення педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Жлобінскага раёна ў сувязі з меркаваннем, выказаным у звароце, не ўгледжваецца".

— Мы ж чорным па белым прапісалі: мы не просім даказаць ці абвергнуць факты фальсіфікацыі на выбарчых участках, дзе ў складзе камісій бралі ўдзел тыя ці іншыя настаўнікі. Мы патрабавалі адхіліць іх ад працэсу выхавання нашых дзяцей! — абураюцца падпісалі патрабаванні жлобінцы. — Гэта тое ж самае, што калі б мы ўбачылі ў чалавеку схільнасці да жорсткасці, то не хацелі б бачыць яго ў сваім асяроддзі. Адразу ж, а не чакаючы пацвярджэння псіхіятра! А яны нам у адказах: падстаў для выканання вашых патрабаванняў не маецца. Ну як жа не маецца, вось яны падставы — мы, нашы патрабаванні!

— Працягваюцца школьныя паборы на туалетную паперу, канцылярыю, жалюзі, паліцы, — кажуць мясцовыя жыхары. — Ведаеце, што цяпер яны ад мяне чуюць? Бярыце грошы ад продажу свайго сумлення!

— А я ў такіх выпадках адказваю: ваш прэзідэнт кажа, што адукацыя ў краіне бясплатная, вось і бярыце грошы на ўсё гэта ў яго!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: