Людзі патрабуюць спыніць катаванні Арцёма Анішчука

На сайце petitions.by з'явілася петыцыя, якая адрасуецца Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС наконт катаванняў, маральнага і фізічнага ціску ў магілёўскай калоніі №15 на зняволенага Арцёма Анішчука.
Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Арцём Анішчук. Фота: spring96.org

Мужчына з'яўляецца фігурантам справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў». Аўтары і падпісанты петыцыі патрабуюць у Генпракуратуры і ДВП прыняць неадкладныя меры, накіраваныя на спыненне і эфектыўнае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да Арцёма з боку службовых асоб ПК-15.  
Як адзначаюць аўтары петыцыі, у магілёўскай калоніі на Арцёма Анішчука ажыццяўляецца псіхалагічны і фізічны ціск. Ужо ва ўмовах адбыцця пакарання Арцёму было прад'яўленае абвінавачанне па арт. 411 Крымінальнага кодэкса за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» па прычыне парушэння рэжыму — «двойчы адмовіўся прыбірацца». З 8 чэрвеня Арцёма змясцілі ў ШІЗА. Начальнік калоніі заявіў палітвязню, што ўтрымліваць у СІЗА яго збіраюцца да наступнага суда па арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

«Падчас аднаго з допытаў зняволены паведаміў адвакату пра тое, што супраць Арцёма Анішчука здзяйсняўся фізічны і псіхалагічны гвалт супрацоўнікамі магілёўскай папраўчай калоніі №15, што дадзеныя дзеянні адбываюцца з моманту яго прыбыцця туды 17 красавіка 2021 года.

Між тым, пасля правядзення гэтай праверкі ад Арцёма Анішчука зноў паступілі звесткі аб збіцці: як распавёў ён свайму адвакату, пасля пракурорскай праверкі Арцёма Анішчука, у тым ліку, збіваў асабіста начальнік папраўчай калоніі №15.

Зняволены таксама распавёў, што яго прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты аб тым, што ўсё нібыта добра, і пісаць адмовы ад сустрэчы з адвакатам. Часта допыты праводзіліся без следчага, у прысутнасці чатырох невядомых людзей», — распавядаюць аўтары петыцыі.

У сувязі з гэтым падпісанты звароту патрабуюць ад улад:

1. Прыняць неадкладныя меры, накіраваныя на спыненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з боку супрацоўнікаў ПК-15 у дачыненні да зняволенага калоніі Арцёма Анішчука;

2. Пачаць поўнае, аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў у дачыненні да Анішчука з боку супрацоўнікаў папраўчай калоніі, а таксама вызваліць ад пасады ўсіх датычных асоб на час расследавання;

3. Прыняць меры па аказанні неабходнай медыцынскай дапамогі Арцёму.

Пасля таго, як пад петыцыяй будзе сабрана 2000 подпісаў, яна будзе накіраваная ў Генеральную пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС.

Далучыцца да петыцыі можна тут.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: