«Людзі пяройдуць на радыкальныя рэсурсы». Андрэй Курэйчык пра суд над TUT.BY

Сёння, 24 чэрвеня, суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядае зварот МУС аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялы TUT.BY. Нагадаем, з 18 траўня партал заблакаваны, а 15 супрацоўнікаў кампаніі, у тым ліку журналісты, арыштаваныя па крымінальнай справе.

Сённяшні суд пакажа, што будзе з адным з вядучых беларускіх рэсурсаў, гісторыя якога пачалася 20 гадоў таму. Рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык распавёў, чаму ён чытае навіны на TUT.BY і што будзе, калі яго прызнаюць экстрэмісцкім.

— TUT.BY  — гэта нацыянальны скарб, партал, які паказаў неверагодную эфектыўнасць ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі. Я добра ведаў яго заснавальнікаў, таленавітых людзей: Юрыя Зісера, Кірыла Валошына, а таксама калегу-драматурга Юлію Чарняўскую. Яны стваралі кампанію больш за 20 гадоў, у ёй працавалі ўнікальныя спецыялісты-прафесіяналы. Гэта супольнасць, дзе была асаблівая атмасфера, вера ў нейкі абсалютна беспярэчны аўтарытэт, усё гэта ствараецца дзесяцігоддзямі. Менавіта таму беларусы выбіралі свае навіны і ўсё астатняе, а не «Yandex» або «Google».

Можна гаварыць пра што заўгодна, але толькі не пра экстрэмізм TUT.BY. На маю думку, больш узважанай пазіцыі, чым у TUT.BY, не было ні ў аднаго СМІ. Мяне заўсёды здзіўляла ўзважаная пазіцыя партала, спакой, навіны выдаваліся з падкрэсленым нейтралітэтам у той час, калі іх журналісты былі пад страшным агнём і ўдарам з боку сілавікоў. Мне здавалася, як гэта магчыма? Бо вашы журналісты сядзяць, ідзе адкрытае пагаршэнне свабоды слова ў Беларусі.

Удар па TUT.BY у выніку прывядзе да таго, што тры мільёны яго наведвальнікаў будуць шукаць навіны і перацякуць на рэсурсы, менш прафесійныя і значна больш радыкальныя ў падачы навін. Гэта дрэнна. Бо калі на TUT.BY заўсёды былі два пункты гледжання, то цяпер людзі будуць бачыць толькі адзін. Хіба ад гэтага выйграе ўлада ці дзяржава? Гэта ўдар перш за ўсё па інфармацыйнай бяспецы дзяржавы.

Я цяпер чытаю навіны з розных крыніц (іх каля дваццаці). Вельмі спадзяюся і чакаю, што TUT.BY зробіць люстэрка сайта. Не разумею, што хтосьці можа прыйсці на месца TUT.BY. Рабіць а-ля TUT.BY — дык гэта атрымаецца нешта тыпу а-ля «Mercedes» або «BMW». З усяго гэтага людзі пасмяюцца і паздзекуюцца.

Паводле baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: