«Луч» выпусціў гадзіннікі з вершам Максіма Багдановіча

18 лютага Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў «Мова». Яе стварэнне прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. У аснову канцэпцыі гадзіннікаў лёг верш Максіма Багдановіча «Зорка Венера».
У гэтым годзе калекцыя «Мова» прадстаўлена дзвюма мадэлямі. На цыферблаце кожнай намалявана зорнае неба. Гадзіннікі адрозніваюцца колерам цыферблата, а таксама пакрыццём: на мадэлі з сінім небам яно храміраванае, на другой – з чорнага хрому. «Зорны» цыферблат дапаўняе латуневы корпус і раменьчык з натуральнай скуры. Усяго ў продаж паступіла 400 асобнікаў.

Унікальнымі гадзіннікі робяць першыя радкі верша Максіма Багдановіча «Зорка Венера», якія выгравіраваны на адваротным баку корпуса.
Культурную значнасць калекцыі падкрэсліў арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода «Луч» Іван Краўчэня: «Было шмат ідэй для гэтай калекцыі. У выніку мы спыніліся на адным з самых вядомых вершаў беларускай класікі. «Зорку Венеру» ведае кожны беларус, а Максім Багдановіч займае ключавое месца ў нашай літаратуры. Яшчэ важна, што менавіта Багдановіч – адзін са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Гэтымі дзвюма мадэлямі мы хочам выказаць падзяку паэту, а таксама паказаць, як яго спадчына можа быць увасоблена ў такой, здавалася б, паўсядзённай рэчы. Спадзяюся, уладальнікі гадзіннікаў будуць з гонарам расказваць гісторыю паэта, у якога было такое насычанае, але, на жаль, вельмі кароткае жыццё».

У якасці падзякі за набыццё гадзіннікаў «Луч» дорыць кожнаму пакупніку экасумку, якая таксама выканана ў стылістыцы калекцыі. На ёй намаляваны будынак гадзіннікавага завода, які знаходзіцца на праспекце Незалежнасці. На фоне будынка – зорнае неба. Малюнак дапаўняе назву верша і яго першае чатырохрадкоўе. Экасумка ідзе ў камплекце з гадзіннікам.

Кожны год калекцыяй «Мова» Мінскі гадзіннікавы завод імкнецца паказаць унікальнасць і адметныя асаблівасці беларускай мовы. Так, напрыклад, у мінулым годзе калекцыя складалася з дзвюх мадэляў – мужчынскіх і жаночых аднастрэлачнікаў, на цыферблаце якіх былі літары «дж» і «дз».

Гадзіннікі з калекцыі «Мова» ўжо даступныя для замовы на сайце гадзіннікавага завода, а праз некалькі дзён іх можна будзе набыць у афіцыйных крамах «Луч».


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: