Луканін: мяне больш за 30 разоў затрымлівалі за дабравесце

Юрысконсульт мінскай царквы хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» Сяргей Луканін вырашыў абскардзіць у судзе забарону на публічнае чытанне Бібліі.



«Хацелася б, каб хрысціяне сапраўды маглі б быць свабоднымі ў распаўсюдзе сваіх перакананняў. Але гэта так, паралельна. Заўтра ўвечары збіраюся працягнуць дабравесце на вуліцах. Дзякуй Богу!» — адзначыў ён у Facebook.

Скаргу на забарону Мінгарвыканкамам публічнага чытання Бібліі ў парку імя Максіма Горкага ён накіраваў у суд Маскоўскага раёна Мінска. У ёй Сяргей Луканін адзначае, што з 2007 года распаўсюджвае свае рэлігійныя перакананні на вуліцах горада і за гэта больш за 30 разоў быў затрыманы міліцыяй за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, але кожны раз яго адпускалі, бо атрымоўвалася пераканаць прадстаўнікоў улады ў тым, што ён не парушае Канстытуцыю, 31-ы артыкул якой абвяшчае, што «кожны мае права … аднаасобна або сумесна з іншымі … выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі».

Аднак 10 лістапада 2014 года суддзя аштрафавала яго на 20 базавых велічынь за чытанне Бібліі ў пераходзе 7 лістапада і параіла не чытаць Біблію на вуліцы на працягу года, бо за паўторнае парушэнне штраф быў бы нашмат большым. Таксама яна параіла ў наступны раз узгадніць чытанне Бібліі ў Мінгарвыканкаме. Аднак праз год у Мінгарвыканкаме, спаслаўшыся на арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прыраўнялі чытанне Бібліі да рэлігійнай дзейнасці, дазволенай выключна рэлігійным арганізацыям.

«Дадзены артыкул, як і ўвесь Закон, не ўтрымлівае нормаў, якія дазваляюць кваліфікаваць чытанне Бібліі, як рэлігійную дзейнасць. Інакш любому, хто вырашыў бы пачытаць Біблію ўслых па-за царквы, могілак або крэматорыя (напрыклад, у сябе дома), давялося б звяртацца ў мясцовыя органы ўлады па адпаведны дазвол», — адзначае юрысконсульт, падкрэсліваючы, што тым самым улады парушылі арт. 5 Закона і арт. 31 Канстытуцыі.

«Адзіная падстава, на якой грунтуюцца прадстаўнікі Мінгарвыканкама — гэта сцвярджэнне, што чытанне Бібліі ўслых з’яўляецца рэлігійнай дзейнасцю, забароненай грамадзянам. Якім жа тады іншым спосабам грамадзяне могуць свабодна выказваць і распаўсюджваць свае рэлігійныя перакананні, калі ім забаронена чытаць Біблію ўслых?» — задаецца пытаннем вернік.

Зыходзячы з вышэй сказанага, ён просіць прызнаць незаконнай адмову Мінгарвыканкама ва ўзгадненні публічнага чытання Бібліі.

Сяргей Луканін таксама накіраваў ліст у парламент з просьбай даць афіцыйнае тлумачэнне артыкулаў 5 і 25 Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». У прыватнасці, яго цікавіць, якім чынам на практыцы грамадзянін Беларусі мае права свабодна выказваць і распаўсюджваць свае рэлігійныя перакананні. Таксама ён просіць адказаць, ці з’яўляецца правамернай, на падставе арт. 25 Закона, забарона на публічнае чытанне Бібліі грамадзянінам Беларусі пры ўмове выканання нормаў Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і ці з’яўляецца рэлігійнай дзейнасцю, дазволенай выключна рэлігійным арганізацыям, публічнае чытанне Бібліі з мэтай папулярызацыі тэкстаў Святога Пісання і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

krynica.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: