Лукашэнка: Беларусі «патрэбна свая ракета»

Беларусі "патрэбна свая ракета", здольная паражаць цэлі на адлегласці да 300 кіламетраў. Пра гэта заявіў у пятніцу Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання "ОКБ ТСП", які займаецца распрацоўкай і вытворчасцю ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, паведамляе svoboda.org.

Лукашэнка зноў выступіў з шэрагам крытычных заўваг у адрас Расіі. Ён, у прыватнасці, заявіў, што Расія не дае свае палігоны для выпрабаванняў беларускай зброі, а таксама не супрацоўнічае ў распрацоўцы новай ракеты —у адрозненне ад Кітая. "Не трэба перад расіянамі станавіцца на калені", — сказаў афіцыйны лідар, прапанаваўшы арандаваць палігон у якой-небудзь іншай краіне.

Чакаецца, што першы доследны ўзор ракеты беларускай вытворчасці, якая будзе выкарыстоўвацца ў РСЗА "Паланез", будзе гатовы восенню. Для выпрабаванні гэтай ракеты разглядаюцца палігоны ў Кітаі, Расіі, Казахстане, Узбекістане, Саудаўскай Аравіі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка таксама заявіў, што "пакуль яшчэ ніхто не адмяняе вайны, нягледзячы на эпідэміі, пандэміі, істэрыі", і таму да вайны даводзіцца рыхтавацца ў мірны час. У выпадку ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, паводле слоў Лукашэнкі, галоўнае для краіны — "нанесці непрымальны ўрон праціўніку", а для дасягнення гэтай мэты ракетная прылада падыходзіць як мага лепей. Ён падкрэсліў, што гаворка не ідзе аб міжкантынентальных балістычных ракетах з ядзернай зброяй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: