Лукашэнка і «прыдуркаватыя»

Лукашэнка назваў «прыдуркаватай» апазіцыю, якая дамагалася (і дамаглася) высялення дзясяткаў тысяч людзей з чарнобыльскіх раёнаў. На «Радыё Свабода» піша Сяргей Навучмык.
Чарнобыльскі шлях у Мінску, 1989 год. З грамадскага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фотаархіў Уладзіміра Сапагова

Чарнобыльскі шлях у Мінску, 1989 год. З грамадскага вэб-архіву «Вытокі» https://vytoki.net, фотаархіў Уладзіміра Сапагова

Хай бы ў 89-м Лукашэнка выступіў на Чарнобыльскім шляху, куды прыехалі людзі з Нароўлі, Веткі, Брагіна, Чэрыкава, якія прасілі іх уратаваць ад радыяцыі — хай бы тады, там, на Плошчы, Лукашэнка сказаў — «Вы, прыдуркаватыя! Навошта вы хочаце пакінуць гэтыя палі, гэтыя фермы? Назад, прыдуркаватыя, назад, у цэзій, назад, у стронцый, у плутоній, у амерыцый!»

Думаю, што такі выступ Лукашэнкі быў бы апошнім ягоным выступам. І імя першага прэзідэнта Беларусі было б іншым.

На пачатку 90-х, у гады нядоўгай свабоды, потым знішчанай Лукашэнкам, дэпутатам удалося на ўсю Беларусь распавесці пра тое, што старанна прыхоўвалі ўлады.

Вось цытаты са стэнаграмы сесіі Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1991 года, вялася прамая радыётрансляцыя, і выступы чула ўся Беларусь.

Дэпутат Рыгор Вячэрскі: «Быў дадзены загад змешваць брудныя і чыстыя тушы жывёлін у прапорцыях ад 1 к 10 да 1 к 1. Забруджанае мяса непрыхавана развозілася па рэспубліцы і краіне. Толькі са складу „Заходні“, што ў Смалявічах, які наведала наша камісія, дзясяткамі і сотнямі тон забруджанае радыянуклідамі мяса было адгружанае ў 55 пунктаў рэспублікі».

Дэпутат БНФ Барыс Гюнтэр: «Кіраўніцтва саўгасу „Веткаўскі“ ўтрымлівае дойны статак і бычкоў для адкорму ў кароўніках ліквідаваных вёсак і корміць іх сенам, гама-фон якога 200 мікрарэнтген на гадзіну, а самі кароўкі „свецяцца“ з узроўнем 80–100 мікрарэнтген на гадзіну».

Дэпутат БНФ Алесь Шут: «У Лагойскім раёне перапрацавалі радыяактыўнае мяса на заводзе мяса-касцявой мукі і адправілі на корм скаціне. На зверафермах саўгасу «Іскра», саўгасу «Коранскі» вырашчаныя норкі на радыяактыўных прадуктах. І відавочна «свецяцца» тыя шапкі і каўняры, якія пайшлі «ў народ». Толькі была «непрыемнасць»: пасля радыяактыўнага мяса пачалі нараджацца норкі-пачвары, і давялося ад такога корму адмовіцца».

Дэпутат БНФ Зянон Пазьняк: «Вось звесткі, таксама нідзе не апублікаваныя, пра захворванні насельніцтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці... На ўлік па анкалагічных захворваннях стала больш у два разы, смяротнасць павялічылася ў 10 разоў. Сухоты — павялічыліся ў 10 разоў. Агульная смяротнасць у горадзе павялічылася ў 5 разоў. Нараджальнасць зменшылася ў два разы. Інваліднасць рабочых і служачых павялічылася ў 3 разы, калгаснікаў — у 11 разоў. Прыроджаная паталогія павялічылася ў 10 разоў. У 90-м годзе (званок спікера) у Веткаўскім раёне нарадзілася 326 чалавек...»

Дземянцей: «Я прашу прекратіть!»

Пазьняк: «...памерла 581...»

Дземянцей: «Прекраціць трансляцыю!»

І ўсё ж, хаця «прыдуркаватай» апазіцыі і адключалі мікрафоны, на пачатку 90-х гадоў Вярхоўны Савет прыняў пакет законаў, які прадугледжваў не толькі высяленне людзей, але і спыненне сельгасвытворчасці на забруджаных тэрыторыях.

Пры Лукашэнку многія палажэнні тых законаў былі адмененыя. Людзей пачалі вяртаць туды, дзе радыяцыя «нязначная».

Але — ці можа яна ўвогуле быць «нязначнай» для чалавека?

Вось што казаў акадэмік Васіль Несцярэнка на III З'ездзе беларусаў свету ў 2001 годзе:

«Ужо пры ўзроўні 50 бэкерэляў на кілаграм ідзе паталогія жыццёва важных органаў».

«Нават у Мінску мы знаходзім дзяцей з назапашваннем 700–800 бэкерэляў на кілаграм».

«90% дозы людзі набіраюць праз прадукты харчавання».

Лічбы, якія агучыў акадэмік Несцярэнка, — вынік даследаванняў прафесара Юрыя Бандажэўскага; прафесар не мог агучыць іх сам, бо сядзеў у турме, і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, як і заходнія навукоўцы, лічылі ягонае зняволенне палітычна матываваным — высновы Бандажэўскага адносна ўплыву радыяцыі разыходзіліся з пазіцыяй уладаў.

Сёння ніхто не можа голасна — так, каб чула ўся Беларусь — запярэчыць ініцыятару вяртання людзей на «амаль чыстыя» тэрыторыі і вырабу на іх сельгаспрадукцыі. Якую потым будуць есці — беларусы, і не толькі.

Калі б у 91-м годзе дэпутат Лукашэнка ўважліва слухаў выступы дэпутатаў «прыдуркаватай» апазіцыі, у адным з іх ён бы пачуў вынікі даследаванняў прафесара Пятраева — пра плутоній і прадукт ягонага распаду амерыцый, патрапленне адной часцінкі якога ў лёгкія чалавека запускае механізм анкалагічнай хваробы.

Перыяд паўраспаду амерыцыю — 433 гады.

Аляксандар Рыгоравіч не можа скараціць гэты тэрмін ніякім дэкрэтам.

А вось скараціць чалавечыя жыцці непрадуманымі рашэннямі — можа.

Сяргей Навумчык, svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: