Лукашэнка кажа пра больш за сотню затрыманняў за пастаўкі запчастак

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Баранавічы 22 сакавіка заявіў пра больш як сотню затрыманняў у справе аб пастаўках запасных частак, піша Белсат.


Паводле Лукашэнкі, затрыманыя пасярэднікі «па нейкіх падшыпніках». Ён адзначыў, што як зачапілі адно звяно, «па ўсёй краіне пакацілася».

«А людзі не маўчаць. Людзі прыходзяць і здаюць усіх з трыбухамі», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Раней інфармацыі пра буйныя затрыманні ў сферы закупак запчастак не было. Толькі ў канцы лістапада 2018 года Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што адно з камунальных прадпрыемстваў Гомельскай вобласці, закупаючы імпартныя запчасткі ў рэгіянальных пастаўшчыкоў, паралельна набывала іх жа ў пяці падкантрольных ІП па цане ў некалькі разоў большай за іх сапраўдны кошт. Гэтыя прадпрымальнікі набывалі запчасткі ў тых жа пастаўшчыкоў, а тавар наўпрост ішоў са склада рэгіянальнага пастаўшчыка на склад камунальнага прадпрыемства.

Часам гандлёвая надбаўка пасярэднікаў да цаны рэгіянальнага пастаўшчыка дасягала 800%. Схема дзейнічала цягам 2016-2018 гадоў.

За пастаўленыя запчасткі прадпрыемства наўпрост ІП грошы не пералічвала. Сродкі паступалі на іх рахункі ад суб’ектаў, якім прадпрыемства аказвала камунальныя паслугі. Пасля грошы размяркоўваліся паміж дырэктарам прадпрыемства і іншымі зацікаўленымі асобамі.

У выніку закупак запчастак па завышаным кошце прадпрыемству нанесеная шкода на больш за 500 тыс. рублёў. Па дадзеных фактах была распачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 КК. Па ёй падазраванымі былі прызнаныя 8 чалавек. Двое з іх (уключаючы дырэктара прадпрыемства) былі заключаныя пад варту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!