Лукашэнка папярэдзіў пратэстоўцаў: Калі хтосьці дакранецца да вайскоўца, ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук

Былы кіраўнік краіны сёння раздаў генеральскія пагоны міліцыянтам і прыгразіў беларусам, якія выходзяць на пратэсты.
president.gov.by

president.gov.by

Лукашэнка 30 кастрычніка прадставіў калектыву Міністэрства ўнутраных спраў новага міністра Івана Кубракова і начальніка ГУУС Мінска Міхаіла Грыба.

Падчас сустрэчы ён папярэдзіў пратэстоўцаў:

"Мы цярпелі. Я адразу пазначыў: ёсць чырвоныя лініі. І не дай бог хтосьці іх пераступіць. Яны іх пераступілі па многіх напрамках, я пра гэта казаў. Таму тыя, хто сёння выходзіць на чыгунку, тыя, хто вешае фашысцкія сцягі на лініі электраперадачы, словам, тыя, хто сёння спрабуе разбурыць, дэстабілізаваць інфраструктуру дзяржавы, павінны ведаць: з сённяшняга дня, асабліва ў кватэрах грамадзян, куды яны хаваюцца, мы ў палон нікога не бярэм. Калі хтосьці дакранецца да ваеннаслужачага (я ўжо заўвагу рабіў генералам), ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук. Я кажу гэта публічна, каб усе разумелі нашу далейшую рашучасць. Далей — усё. Нам адыходзіць няма куды, і мы адыходзіць не збіраемся. Хто гатовы, будзем дзейнічаць".

Лукашэнка заявіў, што "арганізатары і ўдзельнікі беспарадкаў і несанкцыянаваных акцый" ужо прайшлі па метадычцы каляровых рэвалюцый сем ці восем розных этапаў, падышоўшы да апошніх, якія характарызуюцца радыкалізацыяй.

Ён сказаў, што неабходна рэагаваць "прыгожа, каб камар носа не падтачыў".

Лукашэнка таксама ўручыў генеральскія пагоны: Івану Кубракову, Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову — генерал-лейтэнанта міліцыі, Міхаілу Грыбу — генерал-маёра міліцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: