Лукашэнка – пра пахі ў Светлагорску

Аляксандр Лукашэнка зрабіў 14 лютага сімвалічны запуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на камбінаце ў Светлагорску.
Новая вытворчасць, на «смярдзючыя выкіды» з якой наракаюць мясцовыя жыхары, стваралася апошнія некалькі гадоў з удзелам кітайскай кампаніі інжынірынгу САМСЕ. Аднак у супрацы ўзніклі сур’ёзныя супярэчнасці, што прывяло да скасавання кантракту. Завяршаць працу давялося сіламі беларускіх падрадных арганізацый.

Падчас сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня можа заставацца ў баку ад сусветных экалагічных праблем, паведамляе БЕЛТА.

«Цяпер усе жывуць экалагічнымі праблемамі, таму мы не можам быць у баку, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мне далажылі, што тут кепска пахне, разборкі былі жорсткія».

Факты пра Светлагорскі ЦКК:

У 2012 годзе ў Светлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
Смурод у Якімавай Слабадзе і Светлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасля першых пусканаладачных работ.
Кіраўніцтва заводу сцвярджала, што выкіды не аказваюць негатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» – метыльмеркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
25 снежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «смярдзючым заводам».
7 ліпеня 2018 году ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасці беленай цэлюлозы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
15 верасня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
Вытворчасць беленай цэлюлозы нясе выкіды метыльмеркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць смерць.
За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Светлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
За 350 мэтраў – вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
Меркавалася, што новы завод забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлозу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў долараў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы – кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасці беленай цэлюлозы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў;
парнікі і адкрытыя надзелы Светлагорскай агароднінай фабрыкі;
сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
У ліпені, як адзначае радыё «Свабода» кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалагічнай сітуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Светлагорскага ЦКК размяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалагічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: