Лукашэнка прапанаваў адпраўляць студэнтаў у армію на летніх канікулах

Падчас сустрэчы са студэнтамі гродзенскіх ВНУ Аляксандр Лукашэнка распавёў пра спосаб «барацьбы з ухілістамі ад тэрміновай ваеннай службы». Таму што «абараняць і памерці дзеля жанчыны — функцыя мужчыны».
Фота onliner.by

Фота onliner.by

"Скосіш ад арміі — потым не ведаю, з кім ты ажэнішся. Сёння дзяўчынка хоча, каб побач з ёю быў мужык, а не проста хтосьці там у штанах хадзіў. І таму зараз я думаю: а як хлопцаў, якія паступілі ў ВНУ, падрыхтаваць і зрабіць мужыкамі. Мы ж ім адтэрміноўку даем, а потым ім пасля таго, як скончаць ВНУ, ужо не хочацца служыць, яны шукаюць розныя спосабы..." — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адпраўляць студэнтаў у войска можна на пару месяцаў падчас летніх вакацый, распавядае пра новыя планы кіраўніка дзяржавы “Звязда”. Пасля першага курса студэнты змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога — асвоіць ваенную спецыяльнасць. "Але ў залежнасці ад таго, да чаго ён больш схільны і чым займаецца ў ВНУ. Калі ён радыёэлектронікай займаецца, значыць, будзе С-300 асвойваць", — прывёў прыклад Лукашэнка.

Пабываюць у войску, без адрыву ад вучобы! Вось як гэта бачыць Аляксандр Лукашэнка: "Пасля заканчэння ВНУ, калі ён ужо панюхае гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам. Ён атрымлівае афіцэрскае званне і дзесьці яшчэ тры месяцы пасля ВНУ служыць як афіцэр, рыхтуе моладзь і гэтак далей".

А рэалізаваць гэта ў Беларусі, кампактнай краіне, кажа, не праблема. Але пакуль гэта ўсяго толькі адзін з магчымых спосабаў вырашэння праблемы ўхілістаў і прапрацоўваюцца розныя варыянты.

"Але мужык павінен умець размаўляць са зброяй. У адваротным выпадку ён не зможа абараніць сваю сям'ю, свайго дзіця, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя — абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.



 

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: